Міністр абароны Украіны: У Беларусі цяпер 12 тысяч расейскіх вайскоўцаў


Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што на беларускіх вайсковых базах цяпер 12 тыс. расейскіх вайскоўцаў, паведамляе «Reuters». Аднак, паводле яго, гэтай колькасці недастаткова, каб пачаць новы наступ з боку Беларусі.

Аляксей Рэзнікаў.
Фота: Резніков Олексій/ Facebook

Аляксей Рэзнікаў мяркуе, што Расея паспрабуе пачаць новы наступ з «сімвалічных прычынаў» на гадавіну ўварвання – 24 лютага, але расейскае войска з ваеннага пункту гледжання цяпер не гатовае да гэтага. Ён мяркуе, што наступленне, хутчэй за ўсё, пачнецца на ўсходзе – дзе Расея спрабуе захапіць увесь Данбас, – або на поўдні, дзе яна хоча пашырыць свой сухапутны калідор да акупаванага Крыму.

Паводле міністра абароны Украіны, самая вялікая мара Крамля – захапіць Кіеў, для расейцаў гэта сімвалічна, і яны вераць, што тады Украіна падзе. Але ў нападзе з боку Беларусі Рэзнікаў сумняецца.

«На сёння на тэрыторыі Беларусі мы не бачым сфармаваных ударных груповак, здольных ісці на Кіеў», – сказаў Рэзнікаў.

У Мінабароны адзначылі, што хоць цяпер на палігонах у Беларусі прысутнічаюць 12 тыс. расейскіх вайскоўцаў, яны не ўяўляюць пагрозы для Украіны. Раней Аляксей Рэзнікаў заявіў, што Украіна цалкам гатовая да новага расейскага наступу – у Збройных сілаў дастаткова тэхнікі для адбіцця нападаў акупантаў.

Нагадаем, паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны ад 25 студзеня, у Беларусі было 5800 расейскіх вайскоўцаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў