Судзіць былога журналіста, гісторыка і краязнаўцу будзе Гомельскі абласны суд – менавіта туды пракуратура перадала матэрыялы справы, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Дата пачатку працэсу пакуль невядомая.
Сілавікі затрымалі Яўгена Меркіса 13 верасня 2022 года, абвінаваціўшы паводле арт. 361-4 КК РБ – «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». У чым канкрэтна выявілася «спрыянне», не паведамляюць дасюль. Пасля затрымання паводле месца жыхарства журналіста адбыўся ператрус з выманнем носьбітаў інфармацыі. Ператрусы праведзеныя былі таксама паводле месца жыхарства бацькі Яўгена, а таксама ў ягоных сяброў.
З верасня 2022 года Яўгена ўтрымліваюць у Гомельскім СІЗА № З. Сёлета ў сакавіку пасля заканчэння следства ён меў кароткатэрміновую сустрэчу з роднымі. На здароўе не скардзіўся, хоць прастудных хваробаў не абмінуў. У снежні пабываў у карцары нібыта за тое, што не пагаліўся.
Да затрымання Меркіс ужо шмат месяцаў не працаваў журналістам. Журналісцкую дзейнасць яму давялося пакінуць з прычыны таго, што шэраг незалежных медыяў, у тым ліку і тыя, з якімі супрацоўнічаў, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх фармаванняў».
Як гісторык з адукацыі Яўген засяродзіўся на краязнаўстве. Атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове. Валодае таксама і англійскаю мовай, у СІЗА спрабаваў вывучыць французскую, але, наколькі вядома, меў цяжкасці з атрыманнем падручнікаў.
Яўгену Меркісу пагражае ад двух да шасці гадоў зняволення.
Марыя Міхалевіч belsat.eu