«Працоўных падганяюць, як у ГУЛАГу». Чаму на «Горадня Азоце» атручваюцца і гінуць людзі


Паведамленні з беларускіх прамысловых прадпрыемстваў часам нагадваюць зводкі з франтоў. Два надзвычайныя здарэнні на прадпрыемстве «Горадня Азот». І гэта – цягам тыдня. На жаль, не абышлося без ахвяраў. 4 верасня на прадпрыемстве загінуў рабочы Уладзімір Дарашэнка. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, чаму на заводзе «Горадня Азот» гінуць людзі.

«Смерць не сыходзіць з тэрыторыі заводу»

Пра першае здарэнне ў цэху «Аміяк-3» паведаміў 2 верасня «Стачкам Азоту». Паводле інфармацыі стачкамаўцаў, на «Горадні Азоце» адбылося блакаванне перадклапанаў на лініі аміяку і выцек прадукту. Каб ліквідаваць пашкоджанні, у калону сінтэзу спусціліся два працаўнікі, але праз некаторы час ім зрабілася блага – непрытомных, іх давялося ратаваць.

«Горадня Азот».
Фота: Белсат

Пазней высветлілася, што з прычыны атручання пацярпелі супрацоўнікі падраднай арганізацыі «Будмантажхімабарона» Андрэй і Сяргей Марцінчыкі. Паведамлялася нават пра смерць аднаго з іх – Андрэя, але, на шчасце, інфармацыя не пацвердзілася. Крыніца, блізкая да сям’і пацярпелага, паведаміла нам, што Андрэй Марцінчык у рэанімацыі і «па-ранейшаму знаходзіцца ў цяжкім стане». 

Літаральна праз дзень, уначы на 4 верасня, стачкам паведаміў, што ўжо ў цэху «Карбамід-3» з калоны сінтэзу сарваўся і забіўся насмерць рабочы. 

«Смерць ніяк не хоча сыходзіць з тэрыторыі заводу», – так каментавалі здарэнне стачкамаўцы.

Усю адказнасць за здарэнні і смерць працаўніка стачкам усклаў на кіраўніцтва прадпрыемства, якое «добра ведала пра праблемы з калонай сінтэзу пасля капітальнага рамонту», але працаў не спыніла.

Афіцыйныя версіі здарэнняў

Паводле афіцыйнай версіі, 2 верасня, прамысловыя альпіністы Андрэй і Сяргей Марцінчыкі меліся «агледзець агаловак факельнай устаноўкі», каб у далейшым прыняць рашэнне аб магчымасці выпраўлення дэфектаў. Яны накіраваліся да абʼекту і пачалі выпраўляць няспраўнасці, хоць не ўзгаднілі свае дзеянні з начальнікам цэху і не аформілі патрэбныя дакументы. Недзе ў 11.20, падчас агляду факельнай устаноўкі, ім стала блага.

«ААТ Горадня Азот» працягвае трымаць сітуацыю з працаўнікамі падраднай арганізацыі на асабістым кантролі кіраўніцтва«, – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Пра смерць супрацоўніка 4 верасня першай паведаміла завадская газета «Гарадзенскі хімік». Паводле выдання, у цэху «Карбамід-3» «пры трагічным збегу акалічнасцяў падчас рамонту цэху» загінуў дэфектаскапіст аддзелу тэхнічнай дыягностыкі ўпраўлення прамысловай бяспекі Уладзімір Дарашэнка, які адпрацаваў на заводзе 18 гадоў.

Дэфармаваная калона. Месца, дзе загінуў працаўнік «Горадня Азот».  
Фота: sk.gov.by

«На сёння ў прычынах трагедыі не ўстанаўліваецца яўная віна наймальніка або працаўніка, здарэнне дэталёва і абʼектыўна будзе разглядацца з прыцягненнем усіх службаў», – паведамляецца.

Юры Рававы: Усіх гоняць, каб зрабіць хутчэй

Сузаснавальнік ініцыятывы «Рабочы Рух» і сустаршыня стачкаму на прадпрыемстве «Горадня Азот» Юры Рававы, спасылаючыся на ўласны досвед працы на заводзе, кажа, што гэта не проста «збег акалічнасцяў», а наступствы пастаяннай гонкі за тэрмінам выканання працаў і браку кваліфікаванага персаналу.

Сузаснавальнік ініцыятывы «Рабочы Рух» і сустаршыня стачкаму на прадпрыемстве «Горадня Азот» Юры Рававы.
Фота: Белсат

«Футэроўка (унутраны падбой калоны сінтэзу – заўв. ЗМ) пагнулася, дэфармавалася страшна, і трэба было яе рамантаваць. А калі трэба рамантаваць, адміністрацыя адразу пачынае лічыць дні, таму што кожны дзень прастою – гэта велізарныя грошы. Гэта дзясяткі, а можа, і ўсе сто тысячаў долараў за дзень прастою», – тлумачыць Юры Рававы.

Ён сцвярджае, што бачыў афіцыйную паперу, у якой кіраўніцтва прасіла яшчэ 10 дзён на рамонт дэфармаванай калоны.

«Але 10 дзён для такіх рамонтаў – абсалютна нішто. Таму што працаваць у гэтай калоне могуць толькі два чалавекі. Калі нават прыцягнуць сілы іншай арганізацыі, гэта нічога не дасць, бо туды нельга засунуць больш людзей. І пры гэтым – усіх гоняць у шыю, каб зрабіць гэта як мага хутчэй», – кажа Рававы.

Калі людзі працуюць пад такім ціскам, то забываюць і пра страховачныя паясы, і пра тое, каб усё рабілася згодна з тэхнікай бяспекі. Акурат такая спешка і прывяла да смерці чалавека ў калоне, лічыць наш суразмоўца.

«Я размаўляў з працаўнікамі, з «карбамідаўцамі», і ўсе кажуць адно і тое ж: проста не трэба гнаць людзей у шыю, – хутчэй! хутчэй! – а рабіць строга па рэгламенце», – гаворыць лідар «Рабочага Руху».

«Адказнасць нясуць топ-менеджары»

На думку Рававога, на гэта накладаецца і недахоп кваліфікаванага персаналу. Па ягоных звестках, цягам 2020 году, пасля пачатку пратэстаў у Беларусі, з «Горадні Азоту» звольнілася каля 600 спецыялістаў. Людзі, якія сышлі, не паспелі перадаць свае навыкі і досвед новым працаўнікам. А карʼеру на заводзе робяць зараз не больш дасведчаныя, а больш лаяльныя супрацоўнікі.

Юры Рававы лічыць, што адказнасць за тое, што здарылася, павінны несці топ-менеджары прадпрыемства, і ў прыватнасці – гендырэктар ААТ «Горадня Азот» Ігар Ляшэнка. Бо менавіта адтуль, зверху, спускаліся планы выканання рамонтаў і загады аб іх прыспешванні.

Генеральны дырэктар прадпрыемства «Горадня Азот» Ігар Ляшэнка.
Фота: «Вестник Белнефтехима»

«Ён хоча выслужыцца і паказаць, што ўсё добра. Таму што яшчэ нядаўна рапартаваў аб тым, што, нягледзячы на санкцыі Захаду, яны ідуць з апярэджаннем плану. І яны вельмі не хацелі адрывацца ад гэтых лічбаў. Гэта і прывяло да смерці працаўніка», – кажа Рававы.

«Вінаватыя менеджары, таму што працоўныя ў такіх сітуацыях – як у Гулагу, як працоўныя канцлагеру, якіх проста гоняць наперад», – дадае суразмоўца «Белсату».

Афіцыйны прафкам: Будзе праведзенае расследаванне

Паспрабавалі дазваніцца на прадпрыемства. У першай палове дня 5 верасня ніхто з вышэйшага кіраўніцтва заводу не зняў слухаўкі. Здолелі датэлефанавацца (у якасці проста неабыякавых грамадзянаў) толькі да афіцыйнага прафсаюзнага камітэту.

«Каментаваць тое, чаго не ведаю і што магло быць або не магло быць, я не магу. Будзе канкрэтна праведзенае расследаванне, будуць канкрэтныя афіцыйныя вынікі, а пакуль нічога не магу каментаваць. Я ўдзелу ў расследаванні не браў, таму нічога вам не скажу на на дадзены момант», – адказаў на просьбу пракаментаваць сітуацыю на прадпрыемстве намеснік старшыні афіцыйнага прафсаюзнага камітэту Павел Харашун.

«Белсат» выказвае шчырыя спачуванні сямʼі і блізкім загінулага працаўніка «Горадня Азот».

Hавiны
СК распачаў крымінальныя справы праз гібель і траўмаванне рабочых на «Горадня Азоце»
2022.09.05 13:28

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў