Новыя палітвязні і затрыманне супрацоўніка ліквідаванага фонду. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі 5 лістапада


Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 21 асобу, цяпер у пераліку – амаль 1400 прозвішчаў. Затрыманы супрацоўнік ліквідаванага дабрачыннага фонду «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч. ГУБАЗіК у чарговы раз зладзіў кватэрны пагром. «Белсат» сабраў хроніку рэпрэсіяў за дзень.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Максім Канстанцінаў / Russian Look / Forum

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што палітвязнямі прызнаная яшчэ 21 асоба. Іх пазбавілі волі за абразу Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (міліцыянтаў ды суддзяў), за знявагу дзяржаўных сімвалаў. Цяпер у спісе палітвязняў 1 тысяча 394 прозвішчы.

Hавiны
Палітвязнямі прызнаная яшчэ 21 асоба. Іх цяпер амаль 1400
2022.11.05 19:13

Стала вядома пра затрыманне супрацоўніка дабрачыннага фонду «Вяртанне» Сяргея Макарэвіча. Раніцай у яго правялі ператрус, а потым адвезлі ў ізалятар у Горадні. Паводле якога артыкула затрымалі Макарэвіча, невядома.

Супрацоўнік дабрачыннага фонду «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч.
Фота: Сяргей Макарэвіч / Facebook

Фонд «Вяртанне» садзейнічаў развіццю беларускай культуры, навукі і адукацыі. Напрыканцы кастрычніка арганізацыю ліквідаваў Менскі гарадскі суд па позве галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менскага гарвыканкаму.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу разграмілі кватэру прэс-сакратаркі палка Каліноўскага. Яны раскідалі рэчы, зламалі шафы і канапы, разбілі люстэркі і нават закаткі, што стаялі ў кладоўцы. Раней ГУБАЗіК публікаваў відэа з пагромамі ў кватэрах рэдактаркі «Карателей Беларуси» і YouTube-канала «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп’ева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец.

Пагром ГУБАЗіКу ў кватэры прэс-сакратаркі палка Каліноўскага.
Фота: Telegram-канал сілавікоў

Затрыманага проста на вуліцы ў Менску краязнаўцу і журналіста Ігара Хмару пачнуць судзіць 10 лістапада, даведаліся праваабаронцы «Вясны». Справу разгледзіць суддзя Маскоўскага раённага суда Таццяна Пірожнікава. Хмару вінавацяць паводле «народнага» артыкула: «Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Затрымалі яго падчас экскурсіі за тое, што размаўляў на вуліцы па-беларуску.

Краязнавец, экскурсавод і журналіст Ігар Хмара.
Фота: Ігар Хмара / Facebook

Палітвязня Андрэя Новікава вызвалілі з калоніі і адразу дэпартавалі ў Расею. Там яго перадалі ФСБ, паведамляе «Вясна». Новікаў – расейскі грамадзянін. Падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 года быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Тады яго затрымалі па «справе Ціханоўскага» па абвінавачванні ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Але, пратрымаўшы за кратамі 7 месяцаў, нечакана адпусцілі, адвезлі ў Расею і забаранілі заезд у Беларусь на 10 гадоў. Тут у яго засталася жонка і двое дзяцей, таму ён цішком вярнуўся. Яго зноў затрымалі і ў жніўні 2020-га далі 2 гады калоніі. Тэрмін скончыўся 5 дзён таму.

Палітвязень Андрэй Новікаў.
Фота: Радыё Рацыя

На волю выйшаў палітвязень з Ваўкавыску Алег Фамін. Ён прадпрымальнік і футбольны трэнер. Вызваліўся сёння а 6-й раніцы, адбыўшы ўвесь тэрмін. Фаміна вінавацілі ў гвалце ў дачыненні да міліцыянта і асудзілі на 2,5 гады.

Hавiны
Арышт за сарваны сцяг, прысуд сябрам АГП, Хроніка пераследу 3 лістапада
2022.11.03 22:52

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў