Агенцтва Associated Press абнародавала расследаванне пра падзеі ў Бучы пад Кіевам падчас акупацыі сёлета ў сакавіку. У тэлефонных размовах з роднымі расейскія вайскоўцы прызнаваліся ў забойствах мірных жыхароў.
Агенцтва Associated Press абнародавала расследаванне пра падзеі ў Бучы пад Кіевам падчас расейскай агрэсіі сёлета ў сакавіку. Гэта сумесная праца з аўтарамі падкаста PBS Frontline ды аналітыкамі візуальных дадзеных з SITU Research. Расследавальнікі вывучылі запісы камер відэаназірання, перахопленыя тэлефонныя гутаркі і стварылі 3D-мадэль з рэканструкцыяй аперацыі па «зачыстцы» Бучы.
Расейскія вайскоўцы, як адзначаецца ў публікацыі, праводзілі мэтанакіраваную фільтрацыю ў горадзе, уварваліся ў дамы, шукаючы «падазроных» жыхароў па спісах, складзеных спецслужбамі Расеі. Тых, каго западозрылі ў дапамозе ўкраінскім вайскоўцам, катавалі і забівалі.
Генпракуратура Украіны лічыць, што да ваенных злачынстваў у Бучы датычныя вайскоўцы 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Ёю камандаваў генерал-маёр Сяргей Чубарыкін. Ягоны начальнік – камандуючы Усходняй ваеннай акругі Расеі генерал-палкоўнік Аляксандр Чайко, якога ў расследаванні называюць «чалавекам, вядомым сваёй бязлітаснасцю ў якасці камандуючага расейскімі войскамі ў Сірыі».
У публікацыі змешчаныя расшыфроўкі тэлефонных размоў расейскіх вайскоўцаў са сваякамі. 14 сакавіка адзін з іх распавёў сваёй маці, што на вуліцах Бучы ляжаць «цывільныя з павыбіванымі мазгамі». На пытанне, хто іх забіў, мужчына адказвае: «Нашыя». Маці кажа, што, верагодна, гэта былі мірныя жыхары, вайсковец на гэта заўважае: «Маці, трывае бой. І раптам ён выскоквае! Ты разумееш? А калі б у яго гранатамёт?» Таксама ён паведаміў пра выпадак, калі проста на вуліцы вайскоўцы спынілі хлопчыка, праверылі ягоны тэлефон, знайшлі ў Telegram інфармацыю пра расейцаў і застрэлілі падлетка на месцы.
Іншы вайсковец 17-18 сакавіка сказаў маці, што акупанты забіваюць «усіх, у каго ёсць зброя, абсалютна ўсіх», нягледзячы на тое, дзеці гэта, жанчыны ці старыя. Мужчына распавёў, што ягонае фармаванне ладзіць «зачыстку» на танках, забіраюць зброю, праводзяць вобшукі і правяраюць тэлефоны, «каб даведацца, якая ў іх ёсць інфармацыя і хто супраць нас».
Яшчэ адзін вайсковец паведаміў жонцы, што «сядзіць п’е піва». «Тут без гэтага аніяк. У мяне, падаецца, дах паедзе. Я столькі цывільных пазабіваў», – кажа мужчына. Жонка на гэта адказвае: «Супакойся. Прыедзеш дадому – усё добра будзе».
Расейскія вайскоўцы прызнаваліся, што ў нецвярозым стане «лягчэй забіваць».
Найбольш забойстваў у Бучы здарылася на Яблонскай вуліцы, якую называюць «вуліцай смерці». Там у офісным будынку акупанты размясцілі свой штаб. Пасля вызвалення гораду на гэтай вуліцы знайшлі каля 40 забітых мірных жыхароў.
У расследаванні Associated Press адзначаецца, што гэта была арганізаваная жорсткасць, якая будзе паўтарацца на ўсіх акупаваных тэрыторыях Украіны, – стратэгія нейтралізацыі супраціву і запалохвання жыхароў. Гэтай тактыкі расейскія войскі прытрымліваліся ў іншых канфліктах, асабліва ў Чачэніі.
Сяргей Крот belsat.eu