Новыя прысуды, арышты, «тэрарысты» ды «экстрэмісты». Рэпрэсіі 5 снежня


У Менску 2 гады калоніі прызначылі менеджару-эканамісту нібыта за ўдзел у акцыі пратэсту, а таксама за захоўванне наркотыкаў – гэтае абвінавачванне з’явілася падчас судовага разбору. Эдуарда Бабарыку ўлучылі ў «спіс тэрарыстаў», а спартовае медыя «Tribuna» – «экстрэмісцкім фармаваннем». Пра гэта – у чарговым аглядзе рэпрэсіяў у Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pikist.com

Суддзя суда Фрунзенскага раёну Менску Юлія Крэпская прызначыла 2 гады калоніі 35-гадоваму менеджару-эканамісту Юрыю Дабрахотаву. Мужчыну спачатку абвінавацілі ў «групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак», а падчас судовага разбору ў справе з’явіўся новы артыкул: «Выраб, набыццё і захоўванне наркатычных рэчываў». Менскі абласны суд пакінуў гэты прысуд без зменаў.

У Глыбоцкім раёне на 8 содняў арыштавалі 61-гадовую грамадзянку Расеі. Алену Крыўко, якая паходзіць з Прыморскага краю, але ўжо даўно жыве ў Беларусі, рэпрэсавалі за бел-чырвона-белы сцяг на старонцы ў сацсетцы «Одноклассники» і за некалькі лайкаў у «экстрэмісцкіх» суполках. Рашэнне аб арышце прыняў суддзя Аляксандр Алексяенка.

Анастасія Малашук.
Фота: piuceramics / Instagram

Былых палітвязняў Анастасію Малашук і Аляксея Кедыша арыштавалі на 5 содняў. Прычынаю, імаверна, сталася парушэнне ўмоваў «хатняй хіміі».

«Мы з мужам зараз з’язджаем на 5 сутак арышту ў Акрэсціна (такое рашэнне інспекцыі). У сувязі з гэтым вымушаная адмена заняткаў і наведванняў майстэрні. Вернемся да працы ў панядзелак 11 снежня», – такое паведамленне апублікаванае ў акаўнце брэнда «PIUceramics» у Instagram.

Керамістку і заснавальніцу гэтага брэнда Анастасію Малашук і яе сужэнца Аляксея Кедыша раней абвінавацілі паводле «народнага артыкулу» і асудзілі да 3 гадоў «хатняй хіміі».

У Менску за «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» пачалі судзіць SEO-менеджарку Анастасію Пакаташкіну. 42-гадовую Палітзняволеную затрымалі сёлета ў красавіку. Падрабязнасці справы пакуль не вядомыя. Працэсам у Менскім гарадскім судзе кіруе суддзя Сяргей Кацэр.

Анастасія Пакаташкіна.
Фота: Анастасия Покаташкина / vk.com

Тым часам пасля доўгага перапынку ў Менску аднавіўся суд над палітвязнем Яраславам Саковічам. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Раней Саковічу прызначылі 4 гады калоніі за «глумленне з дзяржаўных сімвалаў» і «незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Мужчыну затрымалі ў жніўні летась. Да 2021 года ён жыў ва Украіне і вярнуўся ў Беларусь з увагі на хворых бацькоў.

ГУБАЗіК затрымаў IT-адмыслоўца, які нібыта заклікаў «закідваць сілавікоў фекаліямі». Праўладныя Telegram-каналы таксама сцвярджаюць, што мужчына пасля пачатку вайны ва Украіне пісаў абразлівыя каментары пра расейскіх жаўнераў.

Праваабаронцы «Вясны» паведамілі аб новых затрыманнях на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ. Днямі сілавікоў зацікавіла частка пасажыраў рэйсавага аўтобуса, што ехаў у Беларусь. Некаторых асобаў – папярэдне, украінцаў – дапыталі і адпусцілі, а мінімальна двух беларусаў пасля допыту знялі з аўтобуса. Іх далейшы лёс невядомы.

КДБ улучыў палітвязня Эдуарда Бабарыку ў пералік «асобаў і арганізацыяў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Таксама ў спісе з’явіўся 22-гадовы Максім Варнель, 46-гадовы Кірыл Крошкін, 44-гадовы Аляксандр Сігневіч, 52-гадовая Кацярына Джыг, былы сілавік Іван Янчук, мянчук Яўген Верхаводкін.

Цяпер у «тэрарыстычным пераліку» 1145 асобаў, з іх 390 – беларусы.

Hавiны
КДБ улучыў Эдуарда Бабарыку ў «тэрарыстычны пералік»
2023.12.05 19:29

МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» беларускі спартовы праект «Tribuna», а КДБ надаў такі статус арганізацыі «BELPOL» і праекту «6TV Bielarus». Спецслужба назвала датычных да аб’яднання былых сілавікоў: Андрэй Ігаравіч Астаповіч, Уладзімір Міхайлавіч Жыгар, Мацвей Дзмітрыевіч Купрэйчык, Аляксандр Аляксандравіч Кабанаў. А за праектам «6TV Bielarus» нібыта стаяць Дзмітрый Віктаравіч Салаўёў, Уладзімір Пятровіч Лапцэвіч, Аляксандр Уладзіміравіч Буракоў.

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны Telegram-канал «Беларускай Рады культуры», а таксама акаўнт у TikTok «klimzlobich».

Hавiны
У Беларусі знайшлі адразу тры новыя «экстрэмісцкія фармаванні». У двух з іх – журналісты
2023.12.05 12:42

Беларускі Хельсінкскі камітэт і праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтавалі першую справаздачу ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У аглядзе адзначаецца, што прызначаныя налета выбары «пачынаюцца ва ўмовах бесперапынных рэпрэсіяў, ва ўмовах фактычнай адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцыяў, у атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі».

«Сродкі прававой абароны, што існуюць, па-ранейшаму неэфектыўныя; адсутнічаюць гарантыі незалежнасці судоў, прадказальнасць у правапрымяняльнай практыцы. Усё гэта ўжо дазваляе канстатаваць немагчымасць для грамадзянаў рэалізаваць свае выбарчыя правы», – пазначана ў справаздачы.

Эксперты канстатавалі, што «змены ў прававым рэгуляванні выбараў у Беларусі робяць іх на практыцы несвабоднымі і несправядлівымі».

Hавiны
Зачыстка рэгіёнаў і эвакуацыя былога палітвязня. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі 4 снежня
2023.12.04 23:21

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў