Мітрапаліт Менскі Веньямін пакараў святара за малітву аб абаронцах Украіны


Праваслаўны мітрапаліт Веньямін адхіліў святара Дзіянісія Карасцялёва ад здзяйснення святадзействаў для прынясення пакаяння. Фактычна гэта азначае забарону ў служэнні. Аб гэтым паведамляе «Хрысціянская візія». Тым часам манастыр пад Менскам збірае сродкі ў падтрымку расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне. 

Ліст мітрапаліта Веньяміна.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

Стала вядома, што мітрапаліт Веньямін 4 студзеня накіраваў ліст благачынным Менскай епархіі, у якім паведамляе, што адхіляе святара Дзіянісія Карасцялёва ад здзяйснення святадзействаў (фактычна, забараняе ў служэнні) для прынясення пакаяння. На думку мітрапаліта, малітвы за абаронцаў Украіны ўносяць спакусу ў асяродак праваслаўных вернікаў Беларусі. У тым жа лісце мітрапаліт папярэдзіў святароў аб адказнасці за публічныя выказванні і самавольнае ўнясенне зменаў у богаслужэбныя тэксты.

Святар Дзіянісій Карасцялёў.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

У тэксце ліста імя і прозвішча пакаранага мітрапалітам святара не згадва.цца, але па звестках «Хрысціянскай візіі», размова ідзе пра клірыка парафіі іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» гораду Менску іерэя Дзіянісія Карасцялёва. Як стала вядома праваабаронцам, Карасцялёў у навагоднім малебне прачытаў запіску аб здароўі «ваяроў і абаронцаў Украіны». За гэта прыхаджанка паскардзілася на яго лукашысцкай актывістцы Вользе Бондаравай, якая і апублікавала данос на клірыка. Пасля скаргі ГУБАЗІК затрымаў святара і правёў у яго ўдома ператрус.

Хрысціянскія праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што мітрапаліт Веньямін вельмі аднабока рэагуе на выказванне праваслаўным духавенствам Беларусі пэўнай грамадзянкай ці палітычнай пазіцыі адносна вайны ва Украіне. Забараніўшы ў служэнні іерэя Дзіянісія Карасцялёва, правячы архііерэй пакідае без увагі той факт, што ў той самы час у Менску Свята-Елісавецінскі манастыр не проста моліцца, але і адкрыта збірае дапамогу расейскім вайскоўцам, якія ваююць супраць Украіны. Ніякіх забаронаў у адносінах да духоўных асобаў манастыру не робіцца.

Збор сродкаў у дапамогу расейскім вайскоўцам у Свята-Елісавецінскім манастыры.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

Святар Дзіянісій Карасцялёў – сын настаяцеля парафіі іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» гораду Менску, благачыннага 2-й Менскай гарадской акругі, старшыні Сінадальнага аддзелу БПЦ па ўзаемадзеянні з казацтвам, старшыні Сінадальнага аддзелу БПЦ па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі протаіерэя Ігара Карасцялёва.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў