Святлана Ціханоўская выступіла з каментаром з нагоды магчымага продажу Аляксандрам Лукашэнкі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў.
«Я хачу нагадаць усім: «Беларуськалій», «Горадня Азот» і БМЗ – гэта дзяржаўныя прадпрыемствы, і яны належаць народу Беларусі. Перамовы аб іх продажы паказваюць рэальную розніцу паміж чалавекам, які хоча выратаваць дзяржаву, і злачынцам, які ратуе толькі свае бадай што пустыя кішэні», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Паводле яе, грамадзянін Лукашэнка, «які ў мінулым годзе страціў сваю легітымнасць», «гатовы пакінуць пасля сябе нават выпаленую зямлю, калі гэта дасць яму рэсурсы, каб далей прыкідвацца прэзідэнтам».
«Здзелкі з яго рэжымам незаконныя. Усе яго дамоўленасці аб продажы заводаў і іншых актываў будуць перагледжаныя. А ўся дзяржаўная маёмасць, якую ён вырашыў раздаць, вернецца да свайго ўладальніка – народу Беларусі», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Раней пра пачатак перамоваў адносна продажу БМЗ, «Беларуськалію» і «Горадня-Азоту» паведаміў Мікалай Халезін.
«Мяркуючы па тым, як актыўна Лукашэнка стаў весці перамовы па актывах, якія лічыў стратэгічнымі для краіны, і на продаж якіх не вырашаўся, на іх продажы ён хоча атрымаць максімальны прыбытак для сябе і сваёй сям’і, а заадно максімальна падоўжыць сваё знаходжанне ва ўладзе. Усё гэта адбываецца на фоне непацверджанай пакуль інфармацыі пра тое, што ўлады завышаюць абʼём золатавалютнага запасу краіны на 30%», – адзначыў Халезін.
Паводле яго, перамовы могуць таксама весціся аб продажы Мазырскага НПЗ і Наваполацкага «Нафтану».
МГ belsat.eu