Алесь Міхалевіч пра праблему пашпартоў беларусаў у замежжы: самы час падавацца на статус уцекача


Новы ўказ Лукашэнкі ўскладняе жыццё беларусаў у замежжы: ад заўтра нельга будзе аформіць важныя дакументы за мяжой. І калі дзяржава адмаўляецца бараніць сваіх грамадзянаў, аказваць ім элементарныя консульскія паслугі, то трэба карыстацца тымі магчымасцямі, якія даюць іншыя краіны, якія падтрымліваюць беларусаў. Такое меркаванне ў жывым эфіры «Белсату» выказаў адвакат Алесь Міхалевіч.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Безумоўна, прававыя механізмы тут не працуюць і ў міжнародных інстанцыях гэта аспрэчыць будзе немагчыма, але гэта паўплывае на прызнанне тых жа пашпартоў Аб’яднанага пераходнага кабінету. Гэта будзе адзін з такіх штуршкоў, калі гэтая тэма становіцца сапраўды важнай», – кажа Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч раіць тым, хто цяпер апынуўся ў замежжы і для каго гэтае пытанне вельмі важнае, пачынаць атрымліваць падарожны дакумент той краіны, у якой яны знаходзяцца. Гэтыя дакументы ёсць ва ўсіх еўрапейскіх краінах, але ў кожнай краіне розныя працэдуры іх атрымання і розныя тэрміны дзеяння.

Нямецкі «Сіні пашпарт» – падарожны дакумент для тых, хто не можа атрымаць пашпарт у краіне свайго грамадзянства.
Фота: Handbookgermany.de

«Напрыклад, у Польшчы будзе праблемай, што пакуль гэтыя дакументы выдаюцца на год. Безумоўна, гэта глупства, таму што ўсе мы разумеем, што чакаць два-тры месяцы… Працэдура разгляду вельмі доўгая. Таму трэба таксама разам з Аб’яднаным пераходным кабінетам, НАУ лабіяваць тое, каб былі ўнесеныя змены і гэтыя дакументы выдаваліся на больш доўгія тэрміны».

Таксама, паводле адваката, для тых, хто доўгі час адмаўляўся ад падачы на статус уцекача, цяпер гэта адзіная магчымасць. Бо падарожны дакумент шмат у якіх краінах выдаецца выключна на гэтай падставе.

Не адмаўляе Алесь Міхалевіч і чарговай хвалі міграцыі беларусаў, на гэты раз – з тых краінаў, якія не даюць такіх магчымасцяў, як краіны Еўразвязу:

«Ужо сёння шмат дастаткова значных людзей з Грузіі пераехалі ў тую самую Польшчу. І, на вялікі жаль, гэта будзе працягвацца. Думаю, што будуць тыя, хто будзе ў Грузіі спрабаваць атрымаць статус бежанца. Але пра Грузію трэба памятаць, што жыць там дэ-факта можна 365 дзён на год, таму да гэтага ўвогуле ніхто “не парыўся” пра ўсялякія віды на жыхарства і проста жыў па сваім пашпарце, і іх гэта задавальняла. І па Грузіі гэта ўдарыць у першую чаргу», – падсумоўвае эксперт.

Аналітыка
Помста за нелюбоў да Лукашэнкі. Навошта эмігрантаў пазбаўляюць пашпартоў і даверанасцяў
2023.09.06 19:13

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў