Затрыманне пастара, «хатняя хімія» футбольнаму трэнеру, крытая турма Бяляцкаму. Рэпрэсіі 6 лістапада


Больш за тры гады штодня з Беларусі прыходзяць навіны пра чарговыя палітычныя рэпрэсіі, затрыманні і суды. «Белсат» пераказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 6 лістапада.

Артур Мустыгін.
Фота: football.by

«Трыбуна» паведамляе, што 6 лістапада асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію») трэнера акадэміі менскага футбольнага «Дынама» Артура Мустыгіна. Ён быў у няволі з 5 жніўня, яго вінавацілі ў «Дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ), а на «пакаянным відэа» ён казаў, што аднойчы браў удзел у акцыі пратэсту. Міхаіл – унук выбітнага футбаліста Міхаіла Мустыгіна, які быў найлепшым бамбардзірам СССР у складзе менскага «Дынама».

Паводле звестак супольнасці «Хрысціянская візія», з невядомых прычынаў быў затрыманы пастар пратэстанцкай царквы хрысціянаў веры евангельскай з Чашнікаў Аляксандр Плотнікаў. Вядома толькі, што яго забралі ў РАУС, але артыкул, які яму могуць закідаць, невядомы.

Старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, палітвязня Алеся Бяляцкага каля двух тыдняў таму з надуманых прычынаў змясцілі ў на больш жорсткі рэжым – у так званую крытую турму, расказала ягоная жонка на Сусветным форуме за дэмакратыю.

Hавiны
«Не рабіце з турмы турмы». Галоўная рэдактарка TUT.by сустракае 46-годдзе ў вязніцы
2023.11.06 12:04

Сілавікі на ананімным Telegram-канале пахваліўся «пакаянным відэа» чарговага затрыманага. Мужчына, які працуе кладаўшчыком у кампаніі «Прамбай Абразіў», расказаў, што яго затрымалі за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Адметна, што ён зрабіў гэта па-беларуску, хоць сілавікі ў Беларусі ставяцца варожа да беларускай мовы. Канал, які пахваліўся відэа, заяўляе, што «яшчэ нікому не адмаўлялі ў спробе раскаяцца на мове».

Колькасць палітвязняў у Беларусі ўжо паўгода трымаецца блізу 1500: адных кідаюць за краты, другіх вызваляюць. Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», у кастрычніку на волю выйшлі 49 палітвязняў: 47 цалкам адбылі тэрміны, а яшчэ двух асудзілі на «хатнюю хімію» – гэта значыць, на жыццё на волі, але са шматлікімі абмежаваннямі і пад пільным кантролем сілавікоў. Але лічбы «афіцыйна прызнаных» палітвязняў няпоўныя: праваабаронцы не паспяваюць за рэпрэсіўнай машынай, ведаюць не пра ўсе выпадкі пераследу, а некаторыя сваякі зняволеных не хочуць, каб людзі траплялі ў спісы палітвязняў.

Беларускія медыі 6 лістапада звярнулі ўвагу і на непалітычны прысуд. У шматдзетнага бацькі пастанавілі адабраць 10 тысяч еўра за тое, што ён на памежным пераходзе зайшоў на 1 м у «зялёны калідор» – мужчына казаў, што хацеў спытаць, як яму задэклараваць грошы, якія ён вёз для будаўніцтва дому.

Рэпартаж
«У нас сітуацыя чорна-белая». Жонка Бяляцкага выступіла на Сусветным форуме за дэмакратыю
2023.11.06 16:30

Але ёсць і ўмоўна добрыя навіны. Па звестках «Трыбуны», польскія памежнікі адмовіліся ўпусціць экс-кіраўніка Беларускай федэрацыі футболу Уладзіміра Базанава і анулявалі яму шэнгенскую візу. Прычыны гэтага невядомыя, але «Трыбуна» нагадвае пра сувязь Базанава з рэпрэсіямі ў беларускім футболе і пра ягонае затрыманне і выдварэнне з Чэхіі ў 2021 годзе.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў