МУС заяўляе пра затрыманне групоўкі, якая рыхтавала тэрарыстычныя акты


Прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў паведамляе пра затрыманне не менш як пяці чалавек за кактэйль Молатава, кінуты ў будынак міліцыі. Сілавікі называюць гэта «актам тэрарызму».

Затрыманне чарговых «тэрарыстаў» праходзіла пры падтрыманні спецпадраздзялення міліцыі для барацьбы з тэрарызмам «Алмаз», а таксама байцоў СОБР.

Арыштаваным ставяць у віну інцыдэнт, які, паводле МУС, адбыўся ноччу 16 жніўня 2021 года. Тады, у 01:18 супрацоўнікі ГАМ-2 Фрунзенскага РАУСу Менску падчас абыходу прылеглай тэрыторыі заўважылі прадмет, які гарэў. Міліцыянты патушылі загаранне. На месцы здарэння знайшлі фрагменты шкляной бутэлькі і сляды хімічных рэчываў. Эксперты вызначылі, што ў бутэльцы быў бензін. Таксама выявілі прадукты гарэння рэчываў, якія ўваходзяць у склад піратэхнічных вырабаў.

РУУС Фрунзенскага раёну г. Менску.
Фота: stroytrest35.by

МУС сцвярджае, што ў «злачынную групоўку» ўваходзілі не менш за 5 чалавек, у тым ліку асобы, якія не раз былі пад судом.

«Яны ставілі сваёй мэтай падпалы адміністрацыйных будынкаў, службовых і асабістых аўтамабіляў супрацоўнікаў міліцыі для дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і дэзарганізацыі працы органаў улады», – піша прэс-служба ведамства.

Hавiны
За кінуты ў акно пракурора камень двух менчукоў падазраюць у тэрарызме
2021.12.03 17:55

Сілавікі таксама падкрэсліваюць, што затрыманыя былі актыўнымі ўдзельнікамі аднаго з «дэструктыўных тэлеграм-каналаў», свае акцыі здымалі на відэа, за што атрымлівалі грашовую ўзнагароду. А да сваіх «злачынстваў» яны старанна рыхтаваліся – праводзілі рэкагнасцыроўку, назіралі за аб’ектамі, ужывалі захады канспірацыі.

Hавiны
Магілёўца, асуджанага за распальванне варожасці і тэрарызм, накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне
2021.12.01 21:08

Упраўленне Следчага камітэту па Менску ўзбудзіла крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 289 КК РБ («Замах на здзяйсненне акту тэрарызму»). Пакараць паводле гэтых артыкулаў могуць 20 гадамі пазбаўлення волі.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў