Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 4 «Наша справа»


«Белсат» пачынае серыю публікацыяў з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Мы знаёмім выбарнікаў са спісамі, якія прэтэндуюць на месцы ў КР. Кожны з лідараў выбарчых спісаў атрымаў аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Роза Турарбекова, политолог
Незалежная экспертка і кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава. Вільня, Літва. 1 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Другімі свае адказы даслаў спіс «Наша справа» на чале з палітолагам і даследніцаю, былой выкладчыцай БДУ Розай Турарбекавай. Разам з ёю спіс налічвае 14 асобаў. Сярод іх – былая камандзірка медычнай роты палка Кастуся Каліноўскага Анастасія Махамет, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, эксперт у галіне адукацыі Андрэй Лаўрухін, гісторыкі, былыя выкладчыкі БДУ Аляксандр Паршанкоў і Павел Церашковіч. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар «Нашай справы» ў выбарчым бюлетэні – 4.

Што нам адказалі ў «Нашай справе»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

Абсалютная канцэнтрацыя ўлады ў руках аднаго чалавека, а ў выніку абмежаванне правоў і свабодаў беларусаў, масавыя рэпрэсіі супраць іншадумцаў, палітычная і эканамічная дэградацыя краіны. Усё гэта пагражае існаванню Беларусі як незалежнай і суверэннай дзяржавы.

Пагроза незалежнасці Беларусі. Паступовая страта суверэнітэту праз гібрыдную акупацыю краіны Крамлём, а таксама спрыянне Лукашэнкі крамлёўскай агрэсіі і саўдзел у вайне супраць Украіны.

Узвядзенне жалезнай заслоны паміж Беларуссю і Захадам, асабліва Еўразвязам, што стварае перашкоды для доступу да адукацыйных, тэхналагічных, эканамічных і культурных рэсурсаў Захаду. Гэта не толькі абмяжоўвае развіццё краіны, але і робіць яе больш уразлівай перад уплывам Расеі. Беларускі бізнес пераарыентоўваецца на расейскі рынак. Беларускія студэнты з’язджаюць атрымліваць адукацыю ў Расеі.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць.

Непадрыхтаванасць грамадства да актыўнага супраціву. Большасць беларусаў аказалася не гатовая да змагання супраць рэжыму працяглы час. На жаль, большасць не далучылася да агульнанацыянальнага страйку ў 2020 годзе, які прывёў бы да падзення рэжыму Лукашэнкі.

Ізаляцыя дэмакратычных сілаў ад палітычнага поля ўнутры краіны. Лідары выціснутыя за мяжу або застаюцца ў турме, што істотна звужае магчымасці дэмсілаў змяніць сітуацыю і камунікаваць са сваімі прыхільнікамі. У выніку лідары ў эміграцыі становяцца ўсё больш адарванымі ад запатрабавання людзей унутры краіны. Замест рэальных патрабаванняў і доўгатэрміновай стратэгіі шмат хто прытрымліваецца папулісцкіх лозунгаў, на рэалізацыю якіх у дэмсілаў няма механізмаў.

Усталяванне жалезнай заслоны паміж Беларуссю і Еўразвязам. Мы бачым неабходным развіваць сувязі беларусаў з Еўропай, што спрыяе ўзмацненню патэнцыялу грамадзянскай супольнасці і пашырэнню праеўрапейскіх настрояў у грамадстве, а ў выніку – дэмакратычным пераменам.

3. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Дыктатар і ўзурпатар улады ў Беларусі.

4. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Святлана Ціханоўская ёсць агульнанацыянальнай лідаркай і кандыдаткай на прэзідэнцтва, за якую прагаласавала большасць беларусаў на выбарах 2020 года.

Светлана Тихановская, правозащитники, брифинг, Вильнюс, Сергей Тихановский, Николай Статкевич
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэс-канферэнцыя Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

5. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці, наадварот, варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Мы выступаем за больш разумны падыход да санкцыяў. Санкцыі павінны дзеяць толькі ў дачыненні асобаў, якія нясуць адказнасць за рэпрэсіі і вайну. Абмежаванні да такіх асобаў трэба ўзмацняць. Але да гэтага часу няма дзейсных санкцыяў супраць беларускага рэжыму, якія б прымусілі вызваліць палітвязняў. Балючымі для рэжыму санкцыямі магло б стаць прыпыненне транзіту тавараў праз Беларусь з адначасовым патрабаваннем неадкладнага вызвалення палітзняволеных.

Сёння ад большасці санкцыяў цярпяць простыя беларусы – ад закрытых памежных пераходаў да адмовы ў выдачы візаў. Такія абмежаванні варта адмяніць. Беларусы павінны мець магчымасць вандраваць, вучыцца і працаваць у краінах Еўразвязу, што будзе спрыяць росту праеўрапейскіх настрояў і дэмакратычным пераменам.

«Не – жалезнай заслоне паміж Беларуссю і Еўропай!» – мусіць стаць адным з найгалоўнейшых кірункаў працы дэмсілаў.

6. Ці падтрымліваеце вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Найбольш прымальны для нас шлях змены ўлады – мірныя перамены. Кожная чалавечая смерць – трагедыя. Аднак кожны народ мае права на паўстанне супраць тыраніі. Народ мае права абараняць сваю незалежнасць і жыццё грамадзянаў са зброяй у руках, калі гэта тычыцца вонкавага ўварвання, акупацыі або тыраніі, якая не грэбуе забойствам нявінных людзей.

7. Як вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і NATO?

Беларусь ёсць неад’емнай часткай Еўропы. У будучыні мы бачым нашую краіну чальцом Еўразвязу. Гэта забяспечыць беларусам магчымасць свабодна падарожнічаць, вучыцца, весці бізнес у Еўропе, а ў выніку будзе спрыяць эканамічнаму росквіту і росту дабрабыту беларусаў.

Сяброўства ў NATO гарантуе бяспеку краінаў, якія ў яго ўваходзяць. Дзеля ўваходжання нашай краіны ў гэтыя структуры неабходнае будзе шырокае грамадскае абмеркаванне ў Беларусі. Таксама шмат будзе залежаць ад саміх гэтых арганізацыяў і пазіцыі краін-удзельніц адносна Беларусі.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Мы выступаем за перагляд дамоваў з Расейскай Федэрацыяй у рамках СНД, ЕўрАзЭС, ЕАЭС і АДКБ, якія былі заключаныя нелегітымным кіраўніцтвам Беларусі без агульнанацыянальнага дыялогу і абмеркавання. Падпісаныя дарожныя мапы Саюзнай дзяржавы, якія непасрэдна пагражаюць нацыянальнаму суверэнітэту і незалежнасці, трэба ануляваць.

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

Мы выступаем за распрацоўванне і рэалізацыю доўгатэрміновай праграмы падтрымання беларускай мовы, павелічэння яе выкарыстання ўва ўсіх сферах жыцця. Мы верым, што беларусы здольныя адрадзіць сваю мову, як гэта зрабілі іншыя народы. У сярэднетэрміновай перспектыве беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай мовай – пры гэтым пераход мусіць адбывацца паступова і добраахвотна. Пры гэтым павінны шырока вывучацца іншыя мовы, як англійская, расейская, польская, літоўская і ўкраінская. Беларуская дзяржава павінна стварыць умовы для развіцця навучання на мовах нацыянальных меншасцяў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Станцыя метро «Купалаўская» ў Менску, Беларусь. 2 сакавіка 2020 года.
Фота: Аліча Ганчар / Белсат

10. Ці падтрымліваеце Вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Камуністычны рэжым адказны за жахлівыя рэпрэсіі, за мільёны смерцяў. Помнікі камуністычным правадырам на беларускіх вуліцах і плошчах абражаюць памяць тысячаў ахвяраў, якія загінулі ад рук бальшавіцкіх злачынцаў. Працэс дэкамунізацыі і дэсаветызацыі павінен закрануць не толькі аблічча нашых гарадоў, мы выступаем за маштабную агульнанацыянальную дыскусію, каб гэтыя падзеі ніколі болей не паўтарыліся.

11. Ці лічыце вы важным падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Хрысціянскія каштоўнасці ляглі ў аснову еўрапейскай цывілізацыі, як і беларускай нацыянальнай культуры. Аднак ніводная з рэлігіяў не мусіць ператварацца ў дзяржаўную ідэалогію – як гэта адбываецца зараз у Расеі. Рэлігія мусіць быць аддзеленая ад дзяржаўнай улады, а не служыць інструментам для яе прапаганды. Мы лічым неабходным забяспечыць свабоду веравызнання ў Беларусі, стварыць умовы для развіцця хрысціянскіх цэркваў і іншых канфесіяў.

12. Ці падтрымліваеце вы пашырэнне гендарных квотаў, увядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Мы лічым неабходным забяспечыць роўнасць правоў жанчын, абарону ўразлівых групаў і падтрыманне этнічных меншасцяў. Падтрыманне жанчын у абароне іх палітычных правоў ёсць вельмі важным. Аднак стварэнне празмерных сродкаў падтрымання можа прывесці да скажэння дэмакратычных прынцыпаў. Адпаведна, квоты для палітычнага прадстаўніцтва павінны быць палітычна мэтазгоднымі, а ў выпадку іх ужывання – быць гнуткімі, каб захоўваць галоўны прынцып – сумленнай канкурэнцыі.

13. Якое стаўленне вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Ніхто не мае права дыскрымінаваць, пераследаваць, зневажаць годнасць чалавека. Недатыкальнасць прыватнага жыцця кожнага чалавека павінна быць гарантаваная Канстытуцыяй і дзяржавай. Нельга дазваляць пераслед людзей за іх веравызнанне або сексуальную арыентацыю.

14. Ці лічыце вы неабходнаю прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

На сёння значная частка дзяржкампаніяў стратныя, а грошы на пакрыццё гэтых стратаў бяруцца з кішэні кожнага беларуса. Грувасткі і неэфектыўны дзяржаўны сектар застаецца галоўнай праблемай беларускай эканомікі. Мы выступаем за прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта павінна адбыцца ў хадзе транспарэнтнага і справядлівага працэсу раздзяржаўлення, роўнай даступнасці для грамадзянаў Беларусі. Прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці закліканая засцерагчы беларусаў ад эканамічнай неабароненасці і беднасці. Працэдура прыватызацыі і далейшае кіраванне актывамі павінны насіць абсалютна празрысты характар.

Выключэнне мусіць датычыцца тых дзяржпрадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю абароннага прызначэння; прадпрыемстваў чыгуначнага транспарту; трубаправодаў; газасховішчаў; прадпрыемстваў, якія здабываюць стратэгічна важную для Беларусі калійную соль; іншых вытворчасцяў, якія маюць асаблівую важнасць для краіны; прадпрыемстваў, якія вырабляюць алкагольныя напоі і тытунёвую прадукцыю.

Прыватная ўласнасць павінна стацца дамінантнай формай уласнасці ў сацыяльнай рынкавай гаспадарцы, што забяспечыць прыняцце гнуткіх дэцэнтралізаваных рашэнняў, асабліва ў галіне інвестыцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Старая мадэль МАЗу на пастаменце каля заводу. Менск, Беларусь, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Мы выступаем за спалучэнне асабістай адказнасці, дзяржаўных паслуг і грамадзянскай актыўнасці. Сацыяльныя праграмы ў Беларусі павінны зрабіцца больш адраснымі, і ў сувязі з гэтым дапамога можа быць павялічаная. Сістэмы сацыяльнага страхавання павінны ўлічваць розныя патрэбы, жыццёвыя сітуацыі і этапы жыцця чалавека. Рашэнне задачаў сацыяльнага забеспячэння і медычнага абслугоўвання павінна быць максімальна набліжанае да жыхароў краіны. Неабходным ёсць павелічэнне ролі мясцовых самакіраванняў і прафсаюзаў у пытаннях сацыяльнага забеспячэння.

Мы выступаем за ўзмацненне высілкаў дзяржавы ў падтрыманні сям’і. Дапамога ў даглядзе за дзецьмі павінна даваць магчымасць і жанчынам, і мужчынам сумяшчаць працоўнае жыццё з сямейным. Тэрмін выплаты дапамогі можа дзяліцца паміж абаімі бацькамі пароўну.

16. Ці падтрымліваеце вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Усе справы паводле артыкулу 328 павінны быць перагледжаныя. У большасці выпадкаў турэмныя тэрміны не адпавядаюць цяжкасці здзейсненага злачынства, асабліва з улікам недахопаў праваахоўнай і судовай сістэмы рэжыму Лукашэнкі. Мы выступаем супраць легалізацыі наркотыкаў для свабоднага доступу Беларусі. Наркатычныя прэпараты, у тым ліку канабіс, мусяць ужывацца толькі з медычнай мэтай у адпаведнасці з сусветнай практыкай.

17. Ці лічыце вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні якіх групаў?

Мы выступаем за тое, каб усе людзі, якія маюць дачыненне да рэпрэсіяў і парушэння правоў чалавека, панеслі пакаранне, прадугледжанае законам. Для пэўных катэгорыяў злачынстваў, такіх як фальсіфікацыя выбараў, удзел у рэпрэсіях і ініцыяванне іх, павінна быць распрацаваная працэдура люстрацыі.

18. Ці ёсць Беларусь суўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Рэжым Лукашэнкі ёсць саўдзельнікам крамлёўскай агрэсіі супраць Украіны. Але большасць беларускага народу не падтрымлівае ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны. Вялікая колькасць беларусаў застаецца ў турме за супраціў крамлёўскай агрэсіі ва Украіне, пачынаючы ад публічнага асуджэння і акцыяў пратэсту да чыгуначнага партызанства. Вялікая колькасць беларускіх добраахвотнікаў змагаецца разам з украінскім народам супраць расейскага ўварвання ва Украіну. Беларускае грамадства не павінна несці прававой ці іншай адказнасці. Неабходна аддзяліць адказнасць рэжыму ад грамадства.

19. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Беларускія дэмсілы павінны супрацоўнічаць з усімі палітычнымі сіламі, якія падзяляюць каштоўнасці правоў чалавека і паважаюць суверэнітэт Беларусі, выступаюць супраць вайны ва Украіне і за дэмантаж пуцінскага рэжыму.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Дзяржаўныя сімвалы Беларусі былі змененыя ў выніку рэферэндуму 1995 года, які быў праведзены ў парушэнне дзейнага тады заканадаўства і ёсць незаконным. Мы разглядаем у якасці дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Гімн Рэспублікі Беларусь павінны вызначыць беларусы пасля дэмакратычнай трансфармацыі краіны ў выніку агульнанацыянальнай дыскусіі і рэферэндуму.

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Абноўлена
Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду
2024.04.25 13:12

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў