Марыя Калеснікава даслала ліст з-за кратаў


Марыя Калеснікава ў лісце з-за кратаў свайму бацьку піша, што надалей знаходзіцца ў медсанчастцы. Палітзняволеная паведамляе, што паступова аднаўляецца пасля аперацыі. Яе ліст публікуе Telegram-канал Віктара Бабарыкі.

Марыя Калеснікава з бацькам.
Фота:ЖС Premium / Telegram

Марыя Калеснікава ў лісце свайму бацьку паведамляе, што да гэтага часу знаходзіцца ў медсанчастцы. Ліст яна напісала 27 снежня.

«З’явілася магчымасць хадзіць-шпацыраваць каля гадзіны ў дзень – я паволі нарошчваю тэмп і колькасць крокаў – сёння 5000, гэта сапраўдны рэкорд для мяне, бо з 29/11 да апошняга тыдня я амаль не рухалася.

У мяне яшчэ не ўсё ў парадку, але я настроена пазітыўна і аптымістычна і маю намер быць здаровай!

Таму рыхтуйся: твае дранікі і шашлыкі ў мяне нумар 1 у будучым меню.

Усім нашым родным і блізкім перадавай велізарныя прывітанні і віншаванні з усімі святамі – я ўсіх вельмі люблю і ўсім удзячная за любоў, падтрыманне і клопат!

Калі ласка, беражыце сябе, а ты, тата, асабліва! Бо нам трэба будзе так шмат усяго зрабіць, падарожнічаць і ўбачыць, і столькі адкрыццяў нас яшчэ чакае!

Вельмі цябе кахаю і моцна-моцна сумую!

Я заўсёды думаю пра вас з Таняй, гэтыя думкі мяне саграваюць і я нават часам забываю, дзе я знаходжуся! Таму я заўсёды побач!

Кахаю і моцна абдымаю! Усё будзе добра!

Твая дачка».

Крумкачы, спортивная солидарность, Мария Колесникова
Марыя Клесніква на матчы «Крумкачаў» супраць каманды «Дынама-Менск». Два футбалісты каманды «Крумкачы» былі затрыманыя падчас пратэстаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Крызіс са здароўем у палітзняволенай пачаўся 28 лістапада летась, калі «да праблемаў з ціскам, млосцю і стратаю прытомнасці дадаўся пакутлівы боль у страўніку». Калеснікаву завезлі ў гомельскі шпіталь хуткай дапамогі, дыягнаставалі прабадзенне язвы, зрабілі аперацыю. Пазней яе перавялі ў медсанчастку калоніі, дзе дазволілі пабачыцца з бацькам.

Незадоўга да шпіталізацыі яе змясцілі на 10 содняў у штрафны ізалятар. Там было вельмі холадна, праз што палітзняволеная амаль не спала. Некалькі разоў яна траціла прытомнасць, у яе быў павышаны ціск і млосць. Сярод іншага яна страціла прытомнасць у душы і пры падзенні падрапала ногі.

Марыю Калеснікаву схапілі 7 верасня 2020 года. У верасні 2021 года яе пакаралі 11 гадамі зняволення паводле абвінавачанняў у «змове з мэтаю захопу ўлады», «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў