Судзяць фігурантаў «справы TYT.BY», агучылі абвінавачванне Белавусу. Хроніка рэпрэсіяў


Улады Беларусі працягваюць тэрор супраць грамадзянаў краіны. Судовы канвеер, палітычны пераслед, жорсткія затрыманні і бязмежжа сілавікоў, катаванні – усё гэта рэаліі сучаснай Беларусі. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу за 9 студзеня 2023 году.

У Менскім гарадскім судзе 9 студзеня распачалі разглядаць «справу TUT.by». Сярод абвінавачваных у зале суда – генеральная дырэктарка «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава. Працэс будзе весці суддзя Валянціна Зянкевіч у закрытым рэжыме.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава на першым судовым паседжанне па «справе TUT.BY».
Фота: sb.by

Па «справк TUT.by» абвінавачваюць таксама галоўную рэдактарк палітычна-эканамічнага блоку навінаў Вольгу Лойка, рэдактарку Алену Талкачову, юрысконсульта Кацярыну Ткачэнка. Яны на суд не з’явіліся, паколькі знаходзяцца за мяжой. Іх справу вынеслі ў асобную вытворчасць і аб’явілі ў вышук.

Вольга Лойка і Алена Талкачова. Крыніца: prisoners.spring96.org

Людміле Чэкінай інкрымінуюць ухіленне ад выплаты падаткаў, арганізацыю распальвання сацыяльнай варожасці, а таксама распаўсюд матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Золатаву, Лойку і Талкачову вінавацяць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, распальванні сацыяльнай варожасці, распаўсюдзе матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Ткачэнку вінавацяць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Калаж: «Зеркало» / zerkalo.io

Палітвязню Паўлу Белавусу выставілі абвінавачванне. Паводле Следчага камітэту, вязня вінавацяць у здрадзе дзяржаве і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем.

Паводле следства, Павел Белавус нібыта на працягу 10 гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Павел Белавус. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Вайсковага аналітыка Ягора Лебядка перавялі ў баранавіцкі СІЗА, паведамляюць праваабаронцы. 23 снежня летась палітвязню суддзя Алена Міснік прызначыла 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ягора Лебядка абвінавацілі і прызналі вінаватым паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Ягор Лебядок. Крыніца: belvpo.com

Сына былога міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка, Сяргея Патупчыка схапілі сілавікі яшчэ перад навагоднімі святамі, спачатку яго арыштавалі на 15 содняў, а пазней завялі крымінальную справу.

«На «Беларуснафце« усе былі проста ў шокавым стане ад затрымання Сяргея Патупчыка. Гэта здарылася перад навагоднім карпаратывам кампаніі. Яшчэ большы шок быў ад прычыны затрымання – допісу ў Instagram, зробленым у лютым 2022 году. Сяргей проста напісаў тады на ангельскай мове «f…ck war, Kiev is in my heart». І больш нічога».

Сяргей Патупчык.
Фота: Сергей Потупчик/Facebook

Сілавікі схапілі Івана Марозава. Мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе. А таксама відавочна жартаўлівы каментар пра тое, што ён атакаваў бы хаймарсамі спецназ, каб яны стаялі ў яго гаражы, паведамляе «Наша Ніва».

У Менску байцы ГУБАЗіК схапілі студэнта гістфаку БДУ Аляксея Рамановіча. Хлопца абвінавачваюць у тым, што ён «заклікаў да беспарадкаў» у 2020-ым годзе. Але на той момант Аляксею было 15 гадоў. ГУБАЗіК піша, што хлопец «атрымае штраф і пойдзе на волю».

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў