Беларуска паведаміла пра затрыманне ў Італіі свайго мужа з польскай гуманітарнай візай


Італьянская паліцыя на запыт Інтэрполу затрымала беларуса з польскай гуманітарнай візай. Яго збіраюцца экстрадаваць, паведаміла «Белсату» ягоная жонка Аляксандра. Дакладныя прычыны арышту яна не ведае, але не выключае, што гэта звязана з даўняй справай аб махлярстве.

Грамадзянін Беларусі Уладзіслаў, затрыманы ў Італіі на запыт беларускіх уладаў.
Фота: Белсат

Грамадзяне Беларусі Уладзіслаў і Аляксандра 7 лютага прыехалі ў Неапаль на адзін дзень, каб адсвяткаваць дзень народзінаў. Вярнуцца ў Польшчу збіраліся 8 лютага. Але мужчыну затрымалі ў апартаментах, арандаваных на Booking, распавяла «Белсату» Аляксандра:

«На яго надзелі кайданкі і павезлі. Праз дзве гадзіны Улад пазваніў і сказаў, што ўзялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі. На пытанне, ці звязанае гэта з Беларуссю, адказаў: так».

У паліцыі пацвердзілі, што мужчыну затрымалі на патрабаванне беларускіх уладаў, але не ўдакладнілі, паводле якой справы. Аляксандра мяркуе, што гэта звязана з даўняй гісторыяй махлярства:

«Недзе ў 2018-2019 годзе знаёмы папрасіў Улада сесці за стырно машыны, хлопцы ўчынілі нейкае махлярства са страхоўкай. Але там усё кампенсавалі, тую справу закрылі, абвінавачванняў яму не выстаўлялі».

Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчыну абвесцілі ў вышук у снежні 2020 года, а сужэнцы з’ехалі з Беларусі раней, у лютым.

У беларускай амбасадзе ў Італіі не ведалі пра затрыманне суайчынніка да званка Аляксандры. Пазней консул пацвердзіў, што сапраўды існуе запыт на вышук.

«На пытанне, ці звязанае гэта з палітыкай, ён адказаў: упэўнены амаль на 100%, што не. У пасольстве параілі напісаць электронны зварот у беларускае МУС. Спадзяюся, што пасля майго званка амбасада ўсё-ткі направіла нейкі запыт у Менск, каб міністэрства ўнутраных справаў даслала які-небудзь дакумент».

Сітуацыю ўскладняе тое, што ўжо заўтра ў беларуса канчаецца тэрмін дзеяння гуманітарнай візы. Раней ён пачаў афармленне гуманітарнага ВНЖ, але невядома, ці пусцяць яго цяпер назад: «Нават калі яго вызваляць, не ведаю, ці будуць у яго падставы ехаць у Польшчу».

Сёння Аляксандра плануе сустрэчу з італьянскім юрыстам, які спецыялізуецца на міжнародным праве. Ці забяспечылі ейнага мужа адвакатам, яна не ведае: «У паліцыі далі нумар адваката. Мы званілі яму, пісалі паведамленні – ён ці скідвае, ці не адказвае».

Беларуска прызнаецца, што разам з мужам пакінула радзіму з палітычных прычынаў.

«Я ў такім адчаі, што яго ўсё-ткі вывезуць у Беларусь», – сказала суразмоўца «Белсату».

Hавiны
Беларускага актывіста хочуць дэпартаваць з Літвы
2022.12.23 13:43

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў