«Давайце вернемся ў 16-е стагоддзе. Ну давайце». Эксперт пра асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак


Беларускім школьнікам з новага навучальнага году абяцаюць эксперымент – асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак па методыцы расейскага вучонага. Распыталі эксперта, чаго ў ім больш – шкоды ці карысці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Вот Так / Белсат

Пра тое, што ў Беларусі з новага навучальнага года ў 14-ці школах будзе ўведзена асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, днямі паведаміў у сваім канале Антон Матолька. Гаворка ідзе пра як мінімум 28 першых класаў.

Ён нагадвае, што зроблена гэта з падачы прарасейскіх актывістаў, якія прасоўваюць тэхналогіі навучання расейскага вучонага Уладзіміра Базарнага. Акрамя асобнага яна прадугледжвае навучанне дзяцей стоячы з перапынкамі ў 15 мін. «Стала вядома, што Міністэрства адукацыі пайшло на іх патрабаванні і пагадзілася ўвесці навучанне па тэхналогіі Базарнага яшчэ ў 14-і школах Беларусі з 1 верасня 2024 года», – піша Матолька.

Гэтая тэхналогія падаецца як «здароўезберагальная» і больш эфектыўная.

«Каб хлопчыкі і дзяўчынкі ў школе не канкуравалі паміж сабой, а выхоўваліся з улікам фізіялагічных і псіхалагічных асаблівасцяў, якія ў дзіцячым узросце ў хлопчыкаў і дзяўчынак моцна адрозніваюцца», – тлумачыў раней сэнс такога падыходу прарасейскі актывіст з Берасця Аркадзь Розбаш у эфіры пракрамлёўскага радыё Sputnik.

Матолька нагадвае, што раней Розбаш ужо дамогся, каб у адным з класаў у школе Наваполацка дзеці вучыліся па тэхналогіі Базарнага. Дарэчы, тады не ўсе водгукі ўдзельнікаў эксперыменту былі станоўчымі.

«У некаторых школах бацькі пратэставалі супраць урокаў па новай методыцы, паколькі дзеці скардзіліся на боль у нагах, былі прэтэнзіі да якасці мэблі», – пісала мясцовае выданне gorod214.by у верасні 2023 года.

Праўда, пакуль на гэтае новаўвядзенне няма грошай і фінансаванне шукаюць самыя яго ініцыятары, а збор сродкаў адбываецца праз Фонд Талая, які ўжо знаходзіцца пад санкцыямі.

Пра што могуць сведчыць такія новаўвядзенні, якія іх карані і ці яны сапраўды карысныя, мы паразмаўлялі з акадэмічным дырэктарам Інстытуту развіцця сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы Андрэям Лаўрухіным.

Андрэй Лаўрухін.
Фота: belinstitute.com

Суразмоўца нагадаў, што практыка асобнага навучання існавала ў Беларусі, калі краіна была ў складзе Расейскай імперыі і да яе нават спрабавалі вярнуцца ў савецкія часы:

«У траўні 41-га года ўзнікла жаданне вярнуцца да такой формы навучання, але пачалася вайна. Тады да пытання вярнуліся ў жніўні 43-га. Камісарыят асветы РФ і іншых краінаў СССР пастанавіў, што ва ўсіх 7-мі гадовых школах Масквы, Петраграда, сталіц саюзных рэспублік, у абласных і краёвых цэнтрах уводзіцца асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак. Прадоўжылася гэта да 54-га года».

Як і зараз, тады гэта ўводзілася для таго, каб дзеці былі больш сканцэнтраванымі на вучобе і не адцягваліся на староннія рэчы.

«Вытокі такога падыходу ў светапоглядзе і каштоўнасцях так званага традыцыйнага грамадства, у якім быў дакладны падзел сацыяльных функцыяў мужчын і жанчын, і ў якім за жанчынай замацоўваліся хатнія абавязкі і выхаванне дзяцей», – нагадвае Андрэй Лаўрухін. Адпаведна і праграмы навучання ў такім выпадку былі рознымі.

Зараз сітуацыя зусім іншая. Галоўная праблема адраджэння практыкі тых гадоў, на думку суразмоўцы, у тым, што зараз мы маем іншае грамадства, у якім ужо няма такога дзялення сацыяльных роляў. Асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак неактуальна для сучаснага грамадства і можа стаць крыніцай сацыяльных праблемаў для дзяцей, якія будуць удзельнічаць у гэтым эксперыменце. Андрэй Лаўрухін лічыць, што гэта крок назад. Прычым нават не ў СССР, а далей, кудысьці ў глыбіні расейскай імперыі і сівую мінуўшчыну, бо ў савецкія часы жанчына мела магчымасць выбіраць прафесію і працаваць на тых жа пасадах, што і мужчыны.

Меркаванні
Качанава заклікае беларусак нараджаць, беларускі пакуль адмаўляюцца
2023.10.03 19:39

«Асобнае навучанне не будзе спрыяць развіццю сацыяльных кампетэнцыяў і навыкаў, і ў будучыні стане крыніцай праблемаў у камунікацыі, будзе перашкодай не толькі для гендарнай самаідэнтыфікацыі, але і для сацыяльнай», – лічыць Андрэй Лаўрухін. Тыя сацыяльныя навыкі, якія выбудоўвае школа, становяцца падмуркам для сацыяльнай ідэнтычнасці чалавека, таму калі іх не будзе ці яны будуць траўматычнымі, то гэта накладзе адбітак на ўсё жыццё чалавека, падкрэслівае ён.

«Гэта праблема не на год-два, а на дзесяцігоддзі, калі практыка замацуецца», – лічыць эксперт.

Вытокі гэтай ідэі ва ўзятым Расеяй кірунку да так званых традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і супрацьдзеяння распаўсюджванню аднаполых адносінаў, разважае эксперт. Але ў гэтым выпадку яна наогул проста не вытрымлівае крытыкі.

«Дзе найбольш распаўсюджаныя аднаполыя адносіны? Там, дзе няма прадстаўнікоў супрацьлеглага полу. Таму ў гэтым сэнсе асобнае навучанне будзе толькі спрыяць», – лічыць наш суразмоўца.

Гісторыя з’яўлення ідэі асобнага навучання ў нашай краіне адназначна ўказвае на расейкі след, бо пайшло ад расейскага вучонага Уладзіміра Базанава. «Гэта каланізацыя адукацыйнай прасторы», – лічыць Андрэй Лаўрухін.

«Мы бяром нейкія сумнеўныя ідэі грамадзяніна іншай краіны нібы ў нас няма сваіх, і ў мадэрнізаваным грамадстве пачынаем ствараць муры паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Гэта вельмі дзіўна», – кажа эксперт.

Тым больш, што ў самой Расеі гэтая практыка не атрымала шырокага распаўсюджвання. «Раней да ідэй Базарнага ў Расеі наогул ставіліся вельмі скептычна, але зараз на хвалі палітычнай звар’яцеласці і кансерватыўнага павароту, гэта ўсё набывае падкрэслена ідэалагічны сэнс», – тлумачыць суразмоўца.

Што да іншых асаблівасцяў навучання па Базарнаму, то тут таксама ёсць пытанні, бо не ўсім гэта падыходзіць па стану здароўя: «зараз кожны трэці мае праблемы з хрыбетніцай, плоскаступнёвасцю і іншымі хваробамі, і не для ўсіх вучыцца стоячы – гэта карысць».

«Хутчэй за ўсё, гэты эксперымент закончыцца нічым», – прагназуе Андрэй Лаўрухін. – Бо ідэя не адпавядае часу, гэта шлях да архаізацыі грамадства, які да таго ж патрабуе выдаткаў (больш класаў, настаўнікаў)».

«Давайце вернемся ў 16-е стагоддзе. Ну давайце», – гэта выглядае неяк так. Але ці гэта магчыма?», – разважае эксперт.

«Я спачуваю і дзецям, якія будуць удзельнічаць у гэтым эксперыменце, і іх бацькам». Можа і ў іх і будуць лепшыя адзнакі, але жыццё – гэта не адзнакі», – падсумоўвае наш суразмоўца.

Бязвіз
Культурніцкая каланізацыя: як рускі мір знішчае Беларусь
2024.03.19 00:22

Алена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў