Зміцер Фурманаў, арыштаваны ў Горадні паводле гэтак званай справы Ціханоўскага, 11 сакавіка абвесціў галадаванне. Ён пайшоў на гэты крок «праз жудасныя ўмовы ўтрымання ў гарадзенскай турме».
Зміцер Фурманаў сутыкнуўся са значным пагаршэннем умоваў утрымання. «З лютага яму надзяваюць кайданкі, нават калі ён ідзе на прагулку альбо адправіць ліст», – распавялі «Белсату» сваякі затрыманага.
Акрамя таго, Змітра невядома за што пасадзілі ў карцар. Нават ён сам не разумее прычыны. У Горадні над ім і іншымі фігурантамі справы ідзе суд.
Палітычныя вязні сёння зазнаюць катаванні ў зняволенні. Беззаконныя прысуды ці беспадстаўныя арышты даводзяць іх да адчайных крокаў.
11 сакавіка Ігар Лосік спрабаваў парэзаць сабе жылы і абвесціў сухое галадаванне. Вядомага блогера затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. Супраць яго завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Рыхтаванне да парушэння грамадскага парадку») і ч. 2 арт. 293 («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Ніякіх следчых дзеянняў увесь гэты час з ім не праводзілі. «Мяне проста мурыжаць», – пісаў ён у лісце. З 15 снежня да 25 студзеня Ігар ужо трымаў галадоўку і прыпыніў яе дзякуючы вялікаму падтрыманню і салідарнасці.
Сёння стала вядома, што блогер Сяргей Пятрухін у турме № 4 Магілёва парэзаў сабе жылы. Прычына – жудасная антысанітарыя ў камеры, куды яго перавялі, немагчымасць быць з прысутным там кантынгентам.
Як піша берасцейская «Вясна», 25 лютага Сяргея Пятрухіна кінулі ў карцар аж на 20 содняў. Яму далі двойчы па 10 содняў:
1) за тое, што расчахліў брытву;
2) за тое, што парэзаў сабе жылы.
Берасцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна судзяць у Магілёве, але абвінавачваныя з суда выдаленыя.
Ужо восем дзён сухое галадаванне трымае гарадзенскі музыка Ігар Банцэр. Яго затрымалі 20 кастрычніка, з таго часу ён у адзіночнай камеры СІЗА гарадзенскай турмы, некалькі разоў яго змяшчалі ў карцар. Музыку вінавацяць у хуліганстве: уначы 5 верасня ён танцаваў без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілем. Гэты перформанс быў зняты на камеру і выкладзены ў інтэрнэт. Цяпер Ігару пагражае да 3 гадоў зняволення. 12 сакавіка над музыкам працягнецца суд.
АВ, belsat.eu