Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед на прапанову старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні аб’яднання беларускіх сілавікоў BYPOL з структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна–аналітычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план. Перамога», якія ўваходзяць у яе, тэрарыстычнай арганізацыяй. Пра гэта 11 жніўня паведамілі ў ведамстве.
У Генпракуратуры заявілі, што BYPOL нібыта збіраецца гвалтоўным чынам змяніць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, плануе акцыі тэрарыстычнай і экстрэмісцкай накіраванасці.
9 жніўня кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў, былы падпалкоўнік міліцыі, увайшоў у склад Пераходнага кабінету, створанага Офісам Святланы Ціханоўскай у выніку аб’яднання розных ініцыятываў. Ён адказны за аднаўленне правапарадку ў Беларусі.
Паводле Азарава, ён фактычна займае пасаду міністра ўнутраных справаў.
У інтэрв’ю «Белсату» кіраўнік BYPOL заявіў, што адною са сваіх задачаў бачыць легітымізацыю дзеянняў беларускіх партызанаў у Беларусі для міжнароднай супольнасці, «каб партызаны былі не тэрарыстамі, а сумленнымі грамадзянамі, якія працуюць для дабра радзімы.
«У Беларусі пачалася мітусня ў сілавых структурах, Лукашэнка не задаволены тым, што адбываецца. Сілавікі ў Беларусі задаволеныя: так, даўно трэба было стварыць Кабінет», – адзначыў Азараў.
Кіраўнік альтэрнатыўнага МУС хоча, каб, «калі будзе створанае беларускае войска і ўведзенае ў Беларусь», сілавікі адразу да яго далучыліся.
Якуб Хруст belsat.eu