ISW: Расея рыхтуе дэсантна-штурмавыя брыгады для высадкі ў тыл украінскай абароны


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе ў сваёй справаздачы за 13 студзеня, што расейскія войскі фармуюць дэсантна-штурмавыя брыгады (ДШБ) у складзе агульнавайсковых фармаванняў для закідвання іх у тыл украінскай абароны. Такія падраздзяленні дзеялі падчас савецкай інтэрвенцыі ў Афганістане, зазначаюць аналітыкі.

Украінскія жаўнеры на лініі фронту ў Бахмуце Данецкай вобласці, Украіна. 13 студзеня 2024 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

У справаздачы ISW адзначаецца, што дэсантнікаў будуць закідваць у тыл без парашутаў, то бок будуць рабіцца спробы высадкі з верталётаў, як гэта было падчас баёў за аэрапорт Гастомэлю на пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.

Аналітыкі сцвярджаюць, што на запарожскім кірунку ўжо існуе такое падраздзяленне. Гэта 49-ая ДШБ у складзе 58-й арміі. У складзе паветрана-дэсантных войскаў РФ існуюць дэсантна-штурмавыя брыгады, таму спроба стварэння такіх групаў у межах сухапутных агульнавайсковых фармаванняў не выглядае выключнай.

Інстытут вывучэння вайны прыходзіць да высновы, што стварэнне спецпадраздзяленняў у складзе агульнавайсковых фармаванняў мае на мэце «адказаць на канкрэтныя тактычныя выклікі, з якімі цяпер сутыкаюцца расейскія войскі ва Украіне».

«Аднак разгортванне дэсантна-штурмавых брыгадаў, ізаляваных ад структуры сілаў паветрана-дэсантных войскаў, імаверна, будзе азначаць, што гэтыя спецбрыгады будуць выкарыстоўвацца як яшчэ адзін сродак для вядзення франтавых атакаў пад кіраўніцтвам пяхоты на ўкраінскія ўмацаваныя пазіцыі ў кароткатэрміновай перспектыве, каб знясіліць абарону», – тлумачыць ISW.

Паводле Генштабу ЗСУ, за мінулы дзень, 13 студзеня, украінцы знішчылі 840 расейскіх вайскоўцаў. Агульныя страты Расеі ў развязанай ёю вайне дасягнулі 370 тысячаў чалавек (звесткі Генштабу Украіны).

Агляд
Павелічэнне актыўнасці расейцаў па ўсім фронце. Што адбываецца ва Украіне?
2024.01.13 17:59

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў