Сузаснавальнік Kyky.org і беларускай рэдакцыі «The Village» за кратамі напісаў 9 казак для сваёй дачкі.
На дзень народзінаў Аляксандра Васілевіча яго жонка Надзея Зелянкова выклала ў вольны доступ файлы для друку кнігі казак «Папа и пингвин» – гэтыя 9 казак Васілевіч пісаў для сваёй дачкі.
«Саша просіць прабачэння, што не пазітыўныя апошнія [казкі], – піша яго жонка. – Кажа, што адчувае недахоп зносінаў з людзьмі, у якіх справы добра».
Напісаць Васілевічу можна на адрас: СІЗА-1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2. Аляксандру Анатольевічу Васілевічу.
Ілюстрацыі для кнігі зрабілі Сяргей Скібінскі і дачка зняволенага Адэля Васілевіч. Дызайн зрабіў Сяргей Пасечнік, фота – Данііл Парнюк.
Вядомага бізнесоўца Аляксандра Васілевіча затрымлівалі двойчы ў 2020 годзе. Першы раз – калі ён прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання Віктару Бабарыку. Гэты паход для Васілевіча скончыўся судом нібыта за ўдзел у мітынгу і 14 соднямі арышту).
Другі раз – 28 жніўня, калі яго затрымалі прадстаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. У кватэры, офісе і кампаніях, якімі ён кіраваў, прайшлі ператрусы.
4 верасня Васілевічу выставілі абвінавачванне, але якое, дагэтуль невядома праз падпіску адваката аб невыдаванні матэрыялаў следства.
Пакуль Аляксандр знаходзіўся пад вартай, 2 снежня 2020 года ў яго нарадзілася другая дачка Уршуля.
АА belsat.eu