У выдавецкі дом «Intex-press» прыйшлі сілавікі, сканфіскавалі тэхніку


Незалежнае выданне «Intex-press» 15 лютага паведаміла аб візіце сілавікоў: у выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» у Баранавічах «прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў і сканфіскавалі тэхніку». На момант публікацыі сайт выдання застаецца дасяжным, але журналісты папярэджваюць аб «цяжкасцях у працы».

intex, Cichanouska, zdj.: Intex
Вокладка нумара газеты «Intex-press» за 14 красавіка 2021 года.
Фота: Intex-press.by

Прычынаў прыходу сілавікоў «Intex-press» не называе, аб затрыманнях не паведамляе.

Выданне не было названае «экстрэмісцкім», але да нядаўняга часу было заблакаванае ў Беларусі. 6 лютага сайт разблакавалі «ў сувязі з устанаўленнем факту адсутнасці парушэння заканадаўчых актаў».

Аднак яшчэ вясной 2021 года пракуратура Берасцейскай вобласці назвала «экстрэмісцкім матэрыялам» інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай выданню «Intex-press», за публікацыю выданне аштрафавалі і выкінулі з падпісных каталогаў «Белпошты». Галоўнага рэдактара «Intex-press» таксама аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», але нібыта не за працу выдання, а за дзейнасць ягонага рэкламнага прадпрыемства «Цэнтр Рунь». 30 чэрвеня 2022 года міністр інфармацыі падпісаў загад наконт анулявання пасведчання друкаванага СМІ «Intex-press». Журналіста «Intex-press» летам 2022 года асудзілі на два з паловай гады калоніі за фота расейскай вайсковай тэхнікі.

«Intex-press» – штотыднёвая газета і навінны сайт з Баранавічаў. Выданне заснаванае ў 1994 годзе, выдавецкі дом таксама выдаваў газеты «Ганцавіцкі час», «Ляхавіцкі час» і «Нясвіжскі час», да 2007 года – пінскі «Мясцовы час». Сайт Intex-press.by, нягледзячы на «рэгіянальнасць», рэгулярна ўваходзіў у рэспубліканскія топы паводле наведвальнасці.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў