«Галоўнае для іх – абвесціць». Заяву Пуціна пра завоз ядравай зброі ў Беларусь узялі пад сумнеў


Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман і дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сумняюцца, што Расея насамрэч завезла ў Беларусь ядравую зброю. Яны заявілі пра гэта ў эфіры «Студыі Белсат», каментуючы словы прэзідэнта Расеі пра тое, што ядравыя снарады ўжо знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны.

Ракетны комплекс «Таполя-М».
Фота: Гагарин Центр: техношкола / Facebook

Гучную заяву прэзідэнт Расеі зрабіў сёння ў Пецярбурзе на Міжнародным эканамічным форуме.

«Першыя ядравыя зарады дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі. Але толькі першыя, у нас толькі першая частка. Аднак да канца лета мы гэтую працу выканаем цалкам», – сказаў Уладзімір Пуцін.

Hавiны
Пуцін распавёў, што ў Беларусь даставілі першыя ядравыя зарады
2023.06.16 18:57

Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман на гэта адзначыў, што цяпер цяжка даведацца, ці сапраўды расейская ядравая зброя ўжо ў Беларусі:

«Я не ўпэўнены ў тым, што яны гэтую ядравую зброю завезлі. Яны пра гэта абвесцілі – гэта для іх галоўнае. Галоўная мэта ўсёй гэтай ядравай гісторыі – не ў тым, каб ужыць яе, а ў тым, каб напужаць Захад, каб прымусіць заходнія краіны хвалявацца і паспрабаваць націснуць на іх».

Фрыдман таксама сказаў, што Пуцін разам з Аляксандрам Лукашэнкам палохаюць ядравай зброяй паводле ўзгодненага сцэнара з вызначанымі ролямі.

«Абавязак Лукашэнкі – ствараць дадатковую напружанасць, рабіць гучныя заявы пра тое, што зброя можа быць выкарыстаная. Тактыка вар’ята, стратэгія вар’ята. Пры гэтым менавіта Пуцін кажа: а вось мы ўжо завезлі, каб усе ведалі, што завозіць Расея і што кантралюе Расея», – заўважыў эксперт.

Ён пры гэтым прызнаў, што Лукашэнка са сваімі пагрозамі трапляе ў сусветныя медыі, бо «гэта ж ядравая зброя, зусім жахлівыя рэчы».

Hавiны
Кіраўнік NATO агучыў «Белсату» рэакцыю Альянсу на размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі
2023.06.15 13:11

 

«У Лукашэнкі і Пуціна, мяркую, нейкая рацыянальнасць усё ж захавалася, яны дакладна ведаюць, што іх чакае, калі яны паспрабуюць ядравую зброю ўжыць. Яны сыходзяць з таго, што Захад слабы, гэты шантаж спрацуе, і Захад перастане падтрымоўваць Украіну. А да сапраўднай эскалацыі яны не гатовыя. Шантаж – так, маніпуляцыі – так, а выкарыстанне – не», – сказаў Фрыдман.

Аналітык чакае ўзмацнення вербальнай ядравай эскалацыі напярэдадні саміту NATO, што адбудзецца ў Вільні ў ліпені. Усё дзеля таго, каб паўплываць на рашэнні, якія будуць там ухваляцца:

«Яны будуць імкнуцца націснуць на гэтую балючую кропку. Да іхнай рыторыкі прызвычаіліся. Прынцыпова пакуль нічога кардынальна не змянілася, няма сведчанняў таго, што павысілася імавернасць ядравага канфлікту. Таму, мяркую, сур’ёзнага ўплыву на рашэнні Захаду гэта мець не будзе».

Дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка таксама адзначыў: пакуль няма незалежных пацверджанняў таго, што ядравую зброю ўжо прывезлі:

«Пакуль нашыя партнёры не пацвярджаюць, няма візуальных сведчанняў, гэтаксама як і «Беларускі Гаюн», і нашая ўнутраная беларуская выведка не пацвярджаюць».

Вячорка ўпэўнены, што гісторыю з ядравай зброяй у Беларусі патрэбна выкарыстоўваць як нагоду звярнуць увагу на сітуацыю ў нашай краіне:

«Для нас, беларусаў, гэта магчымасць распавесці пра тое, што адбываецца ў краіне, пра пагрозу беларускай незалежнасці. Для беларусаў гэта пагроза. Знаходжанне ядравай зброі азначае знаходжанне расейскіх вайскоўцаў, а значыць, узмацняецца расейскі кантроль над Беларуссю. Таму мы гэтае пытанне будзем падымаць у тым ліку падчас бліжэйшага саміту NATO у Вільні».

Палітык заявіў, што на пагрозы Менску і Масквы трэба адказваць ціскам і новымі санкцыямі.

«Гэта шантаж, і на яго трэба рэагаваць, трэба тлумачыць, што і Лукашэнка, і Пуцін ствараюць пагрозы. Тое, што гэта частка інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыі, не пазбаўляе іх ад адказнасці. Яны закідваюць праз расейскія медыі наратыў, што вось калі еўрапейскае грамадства працягнеце дапамогу Украіне, тады вайна эскалюецца і пачнуцца ядравыя атакі па ўсёй Еўропе», – адзначыў дарадца Ціханоўскай у эфіры «Белсату».

Аналітыка
Лукашэнка прыгразіў знішчыць мільён чалавек. Тлумачым, чаму, хутчэй за ўсё, гэта блеф
2023.06.14 19:42

belsat.eu

Стужка навінаў