Былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп паведаміў, што будзе прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта ад Рэспубліканскай партыі ў 2024 годзе, піша «CNN». Паводле афіцыйных звестак, Трамп стаў першым, хто зарэгістраваў сваю кандыдатуру на наступныя выбары.
У сваёй прамове Доналд Трамп паабяцаў рэфармаваць выбарчую сістэму, адрадзіць энергетыку ЗША і зрабіць Амерыку зноў вялікай.
«Каб зрабіць Амерыку зноў вялікай і слаўнай, я сёння абвяшчаю аб вылучэнні сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў», – сказаў Трамп падчас выступу ў сваім маёнтку ў Флорыдзе, дзе будзе размяшчацца штаб-кватэра ягонай кампаніі.
Прадстаўнікі палітыка ўжо падалі заяўку на ўдзел у Федэральную выбарчую камісію.
Цяперашні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ужо адрэагаваў на рашэнне Трампа балатавацца ў прэзідэнты. Ён апублікаваў відэа аб правале ягонага мінулага перабывання ва ўладзе і напісаў: «Доналд Трамп падвёў Амерыку».
Нагадаем, Трамп быў прэзідэнтам ЗША з 2017 да 2020 года. У студзені 2021-га ён прайграў выбары Джо Байдэну. Тады прыхільнікі Трампа ў ноч на 7 студзеня прарвалі ачапленне паліцыі і трапілі ў будынак Кангрэсу ЗША, перашкодзіўшы заканадаўцам зацвердзіць перамогу Байдэна на выбарах. Трамп адмовіўся прызнаваць паразу, заявіў аб фальсіфікацыях на выбарах і спрабаваў аспрэчыць вынікі галасавання ў судовым парадку. Аднак Вярхоўны Суд ЗША адхіліў пазоў экс-прэзідэнта.
Алена Рувіна belsat.eu