Онлайн-платформа «Сход» з’явілася ў спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў», які вядзе Міністэрства ўнутраных справаў. Рашэнне супраць платформы 13 снежня прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
«Фармаваннем» назвалі «групу грамадзянаў, якія аб’ядналіся ў платформу народны прадстаўнікоў «Сход» па сродках сайта shodbelarus.org». У чым выяўлялася «экстрэмісцкая дзейнасць», сілавікі не паведамляюць.
Платформу «Сход» запусцілі ў пачатку 2021 года як альтэрнатыву скліканаму Аляксандрам Лукашэнкам «Усебеларускаму народнаму сходу». Беларусы маглі вылучацца ў «Сход» і выбіраць дэлегатаў праз інтэрнэт. На момант публікацыі выбралі 117 дэлегатаў.
У жніўні да дэлегатаў сталі прыходзіць з ператрусамі ў сувязі з крымінальнай справай за «Арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Былога амбасадара Беларусі ў Славаччыне Ігара Ляшчэню тады арыштавалі на 10 дзён і пакінулі ў статусе падазраванага.
«Экстрэмісцкімі фармаваннямі» ўжо назвалі яшчэ 20 розных супольнасцей: «Белсат», інфармацыйнае агенцтва «БелаПАН», каналы «Nexta» і «Мая краіна Беларусь», «Рабочы рух», Кіберпартызанаў, «Bypol», фонды «BYSOL» і «By_help», нават чат «Ждановичи 2020 – клуб любителей песен Цоя». За ўдзел у фармаваннях пагражае крымінальная адказнасць.
Асобна ад «фармаванняў» існуюць «экстрэмісцкія матэрыялы», за распаўсюд якіх пагражае адміністрацыйная адказнасць. У спісе «матэрыялаў» – паўтысячы пунктаў.
АА belsat.eu