«Прэсболу» – 33, узрост Хрыста


«Прэсболу» споўнілася 33 гады. Цяпер гэта ўжо зусім не тое выданне, якое калісьці палюбілася чытачам. Газета перажывае не найлепшыя, калі не найгоршыя свае часы. Асацыяцыя Беларуская федэрацыя футбола цалкам завалодала «Прэсболам» і спрабуе ўсталёўваць уласныя правілы гульні. Свой экскурс у гісторыю станаўлення, росквіту ды згасання газеты мы папрасілі правесці экс-кіраўніка дэпартамента судзейства АБФФ, былога галоўнага рэдактара газеты «Усё пра футбол» Андрэя Чэпу. 

Экс-кіраўнік дэпартамента судзейства АБФФ Андрэй Чэпа.
Фота: Андрей Чепа / Вконтакте

«Прэсбол» быў як глыток свежага паветра!

«Прэсболу» – 33 года. Вашыя ўражанні ад самых першых выданняў да сённяшніх дзён? Які шлях прайшла газета і што пакінула ў вашай памяці?

– Я памятаю першыя гады, асабліва 1990-ы, калі стартавыя нумары «Прэсболу» выходзілі па аўторках – гэта была асаблівая падзея. Набыць у кіёсках газету было вельмі цяжка, хоць і выходзіла вялікімі накладамі. З першага нумару мы зразумелі, што гэта нейкі прарыў у нашай спартовай журналістыцы. У нас у краіне быў толькі «Фізкультурнік Беларусі« ды «Савецкі спорт» быў, але гэта Масква. У «Фізкультурніку» было чатыры паласы, малога фармату газета, мінімум інфармацыі, а пасля гэтага чытаць «Прэсбол» было як глыток свежага паветра. Я мяркую, што многія людзі не выкідвалі прачытаныя нумары, складалі ў стосы, як гэта рабіў я. Да 2016 года ў мяне была поўная падшыўка, усе нумары «Прэсболу» былі. Але потым, калі выйшлі на дыску ўсе нумары газет, я набыў усе гэтыя дыскі, а газеты ў бацькоў засталіся ляжаць. І ўжо больш я не збіраў газетны варыянт, але, натуральна, чытаў кожны нумар. Потым, пасля штотыднёвага, яны пачалі выходзіць два разы, потым яшчэ часцей, і па-ранейшаму мой дзень пачынаўся з «Прэсболу». Хоць тады ўжо і «Спартыўная панарама» была, якую я называў самай «мяккай» газетай у краіне. Гэта проста пародыя была на спартовую газету, калі мы бачылі, як робіцца «Прэсбол». У апошнім працавалі таленавітыя журналісты, мы іх усіх памятаем па прозвішчах. Маладому журналісту, які пачынае, за шчасце было нейкую нататачку туды напісаць, таму што столькі было мэтраў, што вельмі цяжка прабіцца было.

Мне прыемна было ўсведамляць, што наша газета «Усё пра футбол», дзе я ў той час працаваў галоўным рэдактарам на працягу трох гадоў, была палігонам для маладых журналістаў. Яны спачатку ў нас выхоўваліся, атрымлівалі аб’ём інфармацыі, можна было шмат пісаць, яны практыкаваліся, а потым, замацярэўшы, сыходзілі ў «Прэсбол».

Я з зайздрасцю цяпер узгадваю, як я ставіўся да журналістаў «Прэсболу», гэта такая каста была. Я не ведаю што іх там трымала, заробкі там былі не астранамічныя, але журналісты былі як сямʼя.

Падабраўся калектыў аднадумцаў, якія хацелі рабіць нешта цікавае, і ім гэта ўдавалася. На жаль, вось цяпер можна канстатаваць, што за апошнія гады тры газета не проста памерла, а здохла ў пакутах, як пляшывы сабака пад плотам. Гэта, вядома, вельмі крыўдна, з яе федэрацыя футбола здзекавалася, і я мяркую, што фізічны канец газеты непазбежны ды хутка наступіць.

Першы нумар газеты «Прэсбол», які выйшаў 16 студзеня 1991 года накладам 75 тысяч асобнікаў, і нумар ад 23 мая 1995 года. Крыніца: pressball.by / favoritmarket.com

Яшчэ да 2020 года адчувалася, што гайкі пачалі закручвацца

Раней журналісты газеты «Прэсбол» ездзілі асвятляць Алімпійскія гульні, дазвалялі сабе крытыкаваць чыноўнікаў. Затым з выдання пачалі сыходзіць знакамітыя карэспандэнты, прыйшла моладзь, чаму гэта адбывалася? Гэта натуральны працэс ці..?

Яшчэ да 2020 года адчувалася, што гайкі пачалі закручвацца. Ёсць такія людзі, як той жа Сяргей Новікаў, Дзмітрый Навоша, каму свабода патрэбна не толькі ў жыцці, але і ў творчасці. Калі цябе заганяюць у нейкія рамкі, то натуральна твая душа пярэчыць гэтаму, табе хочацца пісаць, нягледзячы на забароны, на нейкія тэлефанаванні, хочацца выкладаць тое, што ты думаеш. Калі цябе заганяюць у нейкія штучныя рамкі, натуральна, ты шукаеш такія месцы, дзе дазваляюць раскрыцца твайму таленту. Мне здаецца, што і Новікаў, і Навоша адчулі, што для развіцця трэба нешта большае. Яны абодва з’ехалі ў Маскву, там было больш магчымасцяў для творчасці, і я мяркую, яны зрабілі правільны выбар. Калі «Прэсбол» закранаў нейкіх вышэйшых чыноўнікаў, таго ж Уладзіміра Рыжанкова (міністр спорту і турызму Беларусі ў 1995–1996 гадах), потым усе працэсы ў судзе супраць газеты выйгравала дзяржава. Гэта таксама не магло не тычыцца звычайных шэраговых супрацоўнікаў. І вось так паступова яны сыходзілі, а ў канцы 2019 года ўжо школьнікі пачалі там працаваць і пісаць справаздачы пра футбольныя матчы. Ужо ні цікавасці не стала для працы ў гэтай газеце, ні фінансавай зацікаўленасці.

Пры Уладзіміры Рыжанкове быў світанак спорту, у тым ліку і дзякуючы справядлівай крытыцы «Прэсболу»…

Я б не сказаў, што раней «Прэсбол» перагібаў палку, яны рэальна распавядалі, што адбывалася насамрэч. Але гэта была сярэдзіна 1990-х гадоў, тады яшчэ можна было такім чынам мець зносіны з кіраўніцтвам, з тым жа міністрам спорту. Дарэчы, ён (Уладзімір Рыжанкоў) сам па сабе быў такім дэмакратычным чыноўнікам, які дазваляў сябе крытыкаваць, каб рабіць спорт лепшым. Гэта, напэўна, апошні міністр спорту, якому ўдалося палепшыць гэтую сферу дзейнасці. Пры ім быў світанак спорту, у тым ліку і дзякуючы справядлівай крытыцы «Прэсболу». Хоць вось цяпер раздаюцца галасы, што дзесьці журналісты газеты перагнулі палку, і ў яго праз гэта былі праблемы са здароўем, ён успрымаў усё блізка да сэрца. Мне здавалася, што тады ўсе яны правільна пісалі, і крытыка была справядлівай.

Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь 1995–1996 гг. Уладзімір Рыжанкоў (трэці злева). Крыніца: belarus.basketball

У 2020 годзе у газеце ўжо вычытваўся кожны радок

Апошнім часам у «Прэсболе» была чахарда з галоўнымі рэдактарамі. Адны змянялі іншых, прызначалі трэціх. Якая прычына такіх пертурбацый?

Я скажу вам шчыра, у 2020 годзе і мне прапаноўвалі гэтую пасаду. Калі Сяргей Кайко сышоў, там нікога не было, хто б пагадзіўся стаць галоўным рэдактарам газеты. Я адказаў: «Ды вы што, дзе «Прэсбол», а дзе я?». У той час у газеце ўжо вычытваўся кожны радок, кожная літара – не дай Бог, нешта лішняе напішуць. Гэтая чахарда, натуральна, не пайшла на карысць. Асабліва калі цяпер ужо нябожчыка Сяргея Лісічкіна паставілі галоўным рэдактарам (2020–2023 гады). Мы яго ведалі як спецыяліста з зусім іншай оперы, з тэлебачання, а тут ён – галоўны рэдактар газеты. Хоць калі ў нас Федэрацыю тэніса ўзначальвае гандбаліст (Сяргей Рутэнка), федэрацыю хакея – канаіст (Аляксандр Багдановіч), то чаму тут здзіўляцца.

Сайт «Прэсболу» доўга трымаўся, дазваляў нават сабе выдаваць навіны, якія не ўспрымаліся «сістэмай», але і ён у тым выглядзе сышоў у нябыт. Я памятаю часы, калі, напрыклад, у стужцы выкрэсліваліся ўсялякія фразы, калі гулялі «Крумкачы». Сайт даўжэй за ўсіх заставаўся больш-менш прагрэсіўным, але і яго лёгка і проста зжэрлі.

У выніку Асацыяцыя Беларуская федэрацыя футбола цалкам завалодала «Прэсболам». У яе планах паступова зрабіць з газеты чыста футбольны праект, дзе ўсе навіны будуць звязаныя з гульнёй №1 у свеце. На ваш погляд, што ў далейшым чакае некалі найпапулярнейшую газету краіны?

Мне абсалютна да лямпачкі, усё роўна таго «Прэсболу», які быў, ужо не будзе, а што яны там зробяць… Як паказвае практыка, усё, што ні робіць федэрацыя футбола, ідзе толькі на пагаршэнне сітуацыі. Не буду хаваць, газету «Усё пра футбол» таксама федэрацыя загубіла, папярэдняя, дзе Сяргей Румас і Сяргей Сафар’ян кіравалі. Гэта пры іх узялі і проста зачынілі газету. Але ж я казаў: хоць бы сайт пакіньце, каб у электронным выглядзе інфармацыя была даступная. Дзе людзі будуць атрымоўваць інфармацыю па першай лізе, па другой лізе, па міні-футболу, па пляжным футболу? Усё роўна зачынілі. Таму я цяпер слаба веру, што газета будзе пераарыентаваная на футбол. Гэта спецыялісты патрэбныя, прычым у кожным горадзе, дзе праводзяцца спаборніцтвы, чалавек павінен быць на матчы, пісаць справаздачу. Па другой лізе тое ж самае павінна быць, а дзе столькі людзей набраць, калі заробкаў няма нармальных?

Вокладкі нумароў «Прэсболу» летам і восенню 2020 года. Крыніца: Прессбол / Facebook

«Прафесіяналізмам ужо і не пахне! Ужо не вярнуцца да той газеты, якая была, што б ні рабілі»

Ці засталіся там нейкія прафесіяналы? 

Прафесіяналізмам ужо і не пахне, ужо не вярнуцца да той газеты якая была, што б ні рабілі. Узгадваю з гэтай нагоды досвед працы «Спартыўнай панарамы» таго часу, калі я яшчэ судзіў, гэта былі 20082009 гады. Дык вось, мне тэлефанавалі з «Спартыўнай панарамы», асабліва калі я ехаў судзіць матчы дзесьці ў Смаргоні, у глыбінцы якой, з пытаннем, як праходзіў матч. Памятаю тэлефанаваў такі журналіст Ізотаў. Маўляў, у рэдакцыі няма магчымасці паслаць на гульню карэспандэнта, а трэба напісаць справаздачу. Я яму распавядаў, як ішла гульня, як забілі гол, хто каму пас аддаў. І вось выходзіць у газеце справаздача пад прозвішчам Ізотава, а там мае словы. Ну што гэта за праца? І такіх справаздачаў было шмат, і па першай лізе я ездзіў судзіць ды дыктаваў яму інфармацыю. Тое ж самае цяпер можа стаць і з «Прэсболам», калі ён будзе цалкам арыентаваны на футбол. Таму ў мяне скептычнае стаўленне да нейкіх дэфармацый і рэформаў у газеце. На жаль, у гэтае свята 33-годдзя «Прэсболу» больш гаворым пра такія рэчы, якія сведчаць пра хуткую смерць гэтага выдання. Але, на жаль, гэта праўда.

Павел Алейнікаў / Авер belsat.eu

Стужка навінаў