Рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту Юрый Раманоўскі падпісаў загады на звальненне прынамсі семярых працаўнікоў, піша @pozirkonline.
Сярод звольненых: сакратарка дэканату гістарычна-філалагічнага факультэту Кацярына Шаўлюга, выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Анастасія Мазго, старэйшая выкладчыца кафедры замежных моваў Святлана Панімашчанка, сакратарка кафедры фізічнага выхавання і спорту Таццяна Чаркасава.
«Адразу за Чаркасавай заяву на звальненне падала спецыялістка ў суправаджэнні навучальнага працэсу кафедры фізічнай культуры і спорту Святлана Ніколіна», – сцвярджае крыніца @pozirkonline.
Раней паведамлялася пра звальненне дацэнтаў Віктара Чараўко і Сяргея Глазырына. Яны абодва адсядзелі «содні» за «распаўсюд экстрэмізму». Таксама звольнены дацэнт Юрый Кежа (за данаты фондам).
Калі затрыманні і звальненні працягнуцца, «універсітэт можна будзе закрываць», кажа суразмоўца @pozirkonline.
23 траўня сілавікі ўчынілі масавыя арышты ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Схапілі не менш за 15 асобаў. Пасля арышту 77-гадовую Галіну Захаркіну, кандыдатку архітэктуры і былую загадчыцу кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, аштрафавалі на 2960 рублёў (80 базавых велічыняў).
Выкладчыку кафедры гісторыі і турызму Сяргею Глазырыну і дацэнту кафедры гісторыі і турызму, кандыдату гістарычных навук Віктару Чараўко прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту.
Марыя Міхалевіч belsat.eu