Палітзняволеных журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч унеслі ў «Спіс экстрэмістаў»


17 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Спісу грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс былі ўнесеныя журналіст Павел Мажэйка і адвакатка Юлія Юргілевіч, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Журналіст Павел Мажэйка і адвакатка Юлія Юргілевіч на абвяшчэнні прысуду ў Гарадзенскім судзе. Горадня, Беларусь. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: Белта

Павел Мажэйка – журналіст, культурны менеджар, вядоўца гістарычных праграмаў, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», заснавальнік найбуйнейшай у Горадні культурніцкай прасторы і галерэі «Цэнтр гарадскога жыцця».

Юлія Юргілевіч прапрацавала адвакаткай амаль 18 гадоў. Пасля пратэстаў яна была адной з тых, хто ўзяўся абараняць абвінавачаных па палітычных справах. Амапаўцы адмаўляліся ад іскаў пасля яе апытанняў у судзе.

Журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч затрымалі 30 жніўня 2022 года. Суддзя Максім Філатаў пастанавіў пакараць Мажэйку 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юргілевіч – 6 гадамі калоніі агульнага рэжыму за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Праваабаронцы назвалі пераслед палітычна матываваным, а Мажэйку і Юргілевіч – палітвязнямі.

Hавiны
Палітзняволены журналіст Павел Мажэйка: Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця
2023.10.04 18:37

Унесеным у «спіс экстрэмістаў» на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці ўнесеным у спіс забараняецца:

  • займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • займацца педагагічнай дзейнасцю;
  • займацца выдавецкай дзейнасцю;
  • займаць дзяржаўныя пасады;
  • праходзіць вайсковую службу.

Акрамя таго, калі чалавеку, які трапіў у спіс, перавядуць на рахунак грошы, то банк паведаміць пра гэта ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, тлумачыла mediazona.by.

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

Агулам 17 лістапада ў «Спіс экстрэмістаў» МУС дадаў 22 чалавекі. Сярод іншых, датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці прызналі Дзмітрыя Маставога, асуджанага да 10 гадоў калоніі за відэатрансляцыю з ваеннага аэрадрому ў Мачулішчах, якую нібыта Дзмітрый і наладзіў; сын Анатоля Лябедзькі Арцём, асуджаны да 3,5 гадоў пазбаўлення волі.

У «Спісе экстрэмістаў» цяпер налічваецца 3520 прозвішчаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў