«Запіскі філосафа са шкодным характарам». У Варшаве прэзентавалі кнігу Уладзіміра Мацкевіча


Кнігу метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча прэзентавала ў Варшаве ягоная дачка Надзея Лучанок.

Прэзентацыя кнігі філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Адказваючы за сябе» ў Цэнтры беларускай салідарнасці.
Фота: ЯМ / Белсат

16 снежня ў Варшаве прэзентавалі электронную кнігу Уладзіміра Мацкевіча «Адказваючы за сябе. Запіскі філосафа са шкодным характарам». Кніга была сабраная на падставе разваг аўтара ў Facebook. Усе прысутныя на прэзентацыі маглі спампаваць сабе кнігу ў электронным фармаце.

4 жніўня сёлета затрымалі вядомага беларускага філосафа і метадолага, вядоўцу праграмы «Размова дня на «Белсаце» Уладзіміра Мацкевіча. Яму выставілі абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК РБ). 6 жніўня праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.

Надзея Лучанок, дачка Уладзіміра Мацкевіча, прэзентуе кнігу «Адказваючы за сябе».
Фота: ЯМ / Белсат

Уладзімір Мацкевіч нарадзіўся 14 траўня 1956 года ў Расеі ў Іркуцкай вобласці. Ягоныя дзяды і бацькі – выхадцы з Гарадзенскай вобласці, былі рэпрэсаваныя ў сталінскі час і пазнаёміліся ў высылцы. Сям’я вярнулася на Гарадзеншчыну толькі ў 1966 годзе.

У Горадні Уладзімір Мацкевіч закончыў школу. Пасля службы ў арміі паступіў у Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт вывучаць псіхалогію, адкуль яго паводле размеркавання накіравалі ў Вільню. Некаторы час жыў і працаваў у Ленінградзе. Затым яго прынялі на працу ў Ліепайскі педагагічны ўніверсітэт. Пасля развалу СССР вярнуўся ў Беларусь, дзе выкладаў і рэфармаваў сістэму адукацыі. Таксама Уладзімір Мацкевіч працаваў на беларускім тэлебачанні.

Фота: ЯМ / Белсат
Жонка філосафа Святлана Мацкевіч.
Фота: ЯМ / Белсат
Прамаўляе Паўлюк Быкоўскі.
Фота: ЯМ / Белсат

З 2004 года праз палітычныя погляды Уладзімір Мацкевіч фактычна зазнае забарону на прафесію. Але займаўся грамадскаю дзейнасцю: дзякуючы ягоным намаганням з’явіўся Лятучы ўніверсітэт.

Уладзімір Мацкевіч браў удзел у палітыцы. Падчас выбараў у 1994 годзе прапаноўваў сваю дапамогу Станіславу Шушкевічу і Зянону Пазняку. Прымаў удзел у стварэнні АГП, «Хартыі’97». Быў першым кіраўніком рады міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь».

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

У 2012 годзе Уладзімір Мацкевіч далучыўся да каманды «Белсату» і стаў вядоўцам праграмы «Размова дня».

Уладзіміра Мацкевіча ўтрымліваюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Напісаць яму можна на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск, Уладзіміру Мацкевічу.

AA belsat.eu

Стужка навінаў