Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паведаміў аб планах стварыць Ленінградскую вайсковую акругу ў адказ на ўступленне Фінляндыі ў NATO.
«Узялі зацягнулі ў NATO Фінляндыю. У нас што, былі з Фінляндыяй нейкія спрэчкі? Усе спрэчкі, у тым ліку тэрытарыяльнага характару, у сярэдзіне XX стагоддзя даўно развязаныя», – сказаў Пуцін у інтэрв’ю тэлеканалу «Россия-1».
«Праблемаў не было. Цяпер будуць. Таму што мы будзем цяпер ствараць Ленінградскую вайсковую акругу і канцэнтраваць там пэўныя вайсковыя падраздзяленні. Навошта ім гэта трэба? Лухта нейкая проста», – адзначыў прэзідэнт Расеі.
Пры гэтым Пуцін таксама назваў лухтою словы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна аб тым, што Расея можа напасці на NATO, калі яе не спыніць ва Украіне.
«У Расеі няма ніякіх прычынаў, ніякай цікавасці – ні геапалітычнай, ні эканамічнай, ні ваеннай – ваяваць з краінамі NATO. У нас няма з імі ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў адно да аднаго, няма жадання сапсаваць з імі адносіны. Мы зацікаўленыя ў развіцці стасункаў», – заявіў Пуцін.
Глеб Нержын belsat.eu