Яраслаў Пісарэнка пра справу Івуліна: «Супрацоўнік ГУБАЗіК супакойваў, усё павінна быць нармальна»


Месяц таму дзяржаўны вінаваўца Анастасія Маліка запытала, а суддзя Савецкага раёну Менску Сяргей Шаціла, які разглядаў справу і Наталлі Хершэ, падтрымаў вынясенне выраку – 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для журналіста і блогера Аляксандра Івуліна паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак». А прадстаўніца «Менсктрансу» дамаглася спагнаць з Аляксандра яшчэ і амаль 40 тысяч рублёў штрафу.

У інтэрв’ю «Белсату» сябра, паплечнік і калега Івуліна Яраслаў Пісарэнка распавёў, што мала спадзяваўся на меншы тэрмін у выніку…

Аляксандр Івулін і Яраслаў Пісарэнка.
Фота: pisarenko_jr / Instagram

– Зразумела, за тыя чатыры гадзіны, якія працягвалася нарада суду, прысутнічалі думкі, што Сашы, можа, дадуць хаця б паўтара года, ці заменяць «хіміяй», яшчэ лепш, калі прымусяць сплочваць штраф і ўвогуле адпусцяць у залі суда, але, ведаючы, як працуе гэтая сістэма, наўрад ці было варта будаваць такія аптымістычныя меркаванні.

– А як Вы ставіцеся да таго, што на судзе Аляксандр імкнуўся ціснуць на пачуцці феміды, заяўляючы, што ў яго застаюцца пенсіянеры-бацькі, брат, за якім патрэбны таксама догляд. І што, уласна, ніякай палітыкай Івулін не займаўся, працуючы выключна ў спартовай тэматыцы. Няўжо ён спадзяваўся прабіць гэтую глухую сцяну?

– Ён да канца ішоў па правілах, падкрэсліваючы тое, што нежаданне разумець – гэта праблемы супрацьлеглага боку, а не Івуліна. Таму я абсалютна разумею ягоныя дзеянні і падзяляю іх. І ён ішоў на скрайнюю меру, абнажыўшы гэтую сітуацыю са старшым братам, хаця цудоўна ведаю, што для яго гэта вельмі асабістая гісторыя, якую ён здаўна носіць у сабе. Але што зробіш, калі ён, вобразна кажучы, гуляў у дамоўленым матчы з боку суперніка.

– Не было чутна ні пра ніякую рэакцыю на вырак бацькоў Івуліна. Вы ж на сувязі з імі?

– Так. Але яны не даюць аніякіх каментароў, бо баяцца зрабіць сыну яшчэ горш. А ўвогуле – яны ім ганарацца. І ўспрынялі прысуд недзе, нават, па-геройску. Яны трымаюцца. Яны – вялікія малайцы! Цудоўна зразумела, што ў іх там у душы, але пры тым Саша для іх – гэта гонар, гонар сям’і. Таму што ён усяго дамагаўся сам, прабіўся сам, без нейкіх сувязяў, чыіхсьці грошай. Выключна на імпэце, неверагоднай працаздольнасці, І, зразумела, бацькі ганарыліся і ганарацца Аляксандрам. Зразумела, не ўсё так проста. Маці ў парадку, маці трымаецца, але напрыканцы размовы ўсё сыходзіцца, звычайна, да слёз. Але галоўная матывацыя, што яны павінныя дачакацца Сашу, захаваць сваё здароўе, працягваць жыць, рухацца дзеля сыноў. Бо яны мудрыя людзі і цудоўна разумеюць, што Аляксандру вельмі важна зараз адчуваць і ведаць, што на волі яго чакаюць сваякі і з імі ўсё ў парадку. Бо дэпрэсія, апатыя бацькоў дакладна не паўплываюць на агульную сітуацыю з палітвязнем. А толькі нашкодзяць.

Журналіст Аляксандр Івулін на акцыі пратэсту ў Менску, Беларусь .
Фота: tribuna.com

– А хтосьці дапамагае ім?

– Мне ў адной з сацыяльных сетак напісаў чалавек, з якім я калісьці вучыўся ў школе, але мы не былі знаёмыя. І я яго адразу не ўзгадаў. Але ён заклікаў пісаць, паведамляць, якая патрэбная дапамога на месцы. Ён, маўляў, доктар, і калі трэба бацькам нейкая медычная дапамога, абследаванне, я хаця б так гатовы дапамагчы. Вось ён не пабаяўся, напісаў і гэта сапраўды было вельмі кранальна!

– А якім Вы памятаеце той дзень затрымання, 3 чэрвеня 2021 года? Ці была трывога, занепакоенасць, прадчуванні, што яны нешта вам могуць падкінуць?

– Я гэты момант абмяркоўваў з псіхолагам, каб разабрацца, як сябе там паводзіў мозг і арганізм у цэлым. Дакладна памятаю, што не было страху ў той момант. Было проста неразуменне сітуацыі. Што за лухта ўвогуле? Яны прыйшлі пасярод дня, дакладней, наляцелі, паставілі нас тварам да сцяны, рукі сцягнулі кайданкамі. Нешта балбаталі там наконт таго, што мы, напэўна, з наркотыкамі граемся. Потым зайшлі, відаць, больш высокага звання служывыя. Напружанне крыху знялося. Нас развялі па пакоях. І адзін тып з ГубазіКу, які хадзіў каля мяне, супакойваў, маўляў, не бойцеся, усё павінна быць нармальна. Павінныя адпусціць. Проста спраўдзяць некаторыя моманты. Звозяць у РУУС, і тое, хутчэй толькі твайго сябра. А цябе, можа, і не павязуць нікуды. І ў гэты момант у мяне з’явілася надзея, маўляў, можа і праўда ўсё будзе нармальна. Адстануць. Была нават сустрэча запланаваная на 8-ю вечару.

Я пачаў пралічваць, колькі часу зойме тое, тое, але да спаткання канечне ж павінен вызваліцца. Тым больш у РУУС падыходзілі некаторыя супрацоўнікі, цікавіліся нашымі думкамі пра зборную Беларусі па футболе, пра яе дрэнныя вынікі. Перакінуліся словамі, меркаваннямі. Было ўсё, кажучы па-моладзеваму, максімальна лайтова. І думкі, што нас абавязкова адпусцяць жылі роўна да таго моманту, як зайшоў нейкі чалавек, кінуў на стол пратакол, што ў нас быццам бы нейкі сцяг вісіць. Тут ужо стала ясна, што нам прыйдзецца, мякка кажучы, затрымацца. І адразу нас папярэдзілі, што ў Івуліна нейкая іншая частка артыкула, чым у мяне, яму, маўляў, будзе 30 содняў, мне – 15.

Акцыя салідарнасці заўзятараў ФК «Крумкачы» з Аляксандрам Івуліным.
Фота: autoparus.by

Следчы пры гэтым казаў, што калі вы адразу падпішаце прызнанне ў здзейсненым, то тэрмін скароцяць на некалькі дзён. Але тут мы ўжо прынцыпова паставіліся. Ну што за лухта? Мы ўвогуле нічога не будзем падпісваць. У чым прызнавацца, калі ніякага сцягу не было і ўвогуле не разумеем, што адбываецца? Нашто гэта прыхіляцца і гуляць паводле іх правілаў дзеля некалькіх содняў скарачэння тэрміну, а потым сябе не паважаць. У мяне толькі адзіны момант ёсць, які ўсцяж турбуе, таму што не знайшоўся, як гэта выкарыстаць. То бок, заднім розумам ужо думаю, што было б, калі б я на судзе сказаў, што гэта быў мой сцяг, я яго павесіў, Саша пра гэта ўвогуле нічога не ведаў. Тэарэтычна Івуліна павінныя былі б адпусціць тады. Вось мне цікава: ці адпусцілі б яго ці не? Але ўсе ва ўладзе былі на ўзводзе. Перад гэтым здарыўся увогуле нейкі дзікі тыдзень. Разгром TUT.BY, пасадка самалёта, яшчэ перанос з Менску чэмпіянату свету па хакеі. Гэты травеньскі тыдзень, здаецца, рэзка ўсё змяніў. Бо ўжо рэальна падавалася, што, як бы гэта страшна не гучала, усё супакойваецца, людзі гатовыя ўжо з гэтай навалаю неяк жыць далей, перагарнуць старонку. Але пасля травеньскага выбуху ўладнай бязглуздзіцы ўся напружанасць рэзка пайшла ўгору.

– Думаю, канечне не адпусцілі б. Бо відавочна па ўсіх рухах, што мэтанакіравана працавалі менавіта па Івуліну. І прыйшлі менавіта за ім у першую чаргу.

Стужка навінаў