Вярхоўны Суд зліквідаваў адну з найстарэйшых прыродаахоўных арганізацыяў Беларусі – «Ахову птушак Бацькаўшчыны». У хуткім часе ёй споўнілася б 25 гадоў.
Сайт і сацыяльныя сеткі арганізацыі перасталі працаваць.
Пастанову прынялі ўчора, 18 сакавіка. Працэдуру ліквідацыі ініцыявала Міністэрства юстыцыі, спасылаючыся на вынікі правярання ГУБАЗіКу. Прычына, з гледзішча сілавікоў, стаў выраз #птушкізнародам, які нібыта выкарыстоўвала АПБ у сваіх сацыяльных сетках падчас пратэстаў, а таксама факты прыцягнення работнікаў да адміністратыўнай адказнасці паводле «народнага артыкулу» 24.23 за ўдзел у «несанкцыянаваных акцыях».
Таксама ў пазове Міністэрства юстыцыі сказана, што АПБ «пад выглядам валанцёрства для ратавання птушак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне».
«Ахова птушак Бацькаўшчыны» была створаная ў 1998 годзе. За гэты час сябрамі АПБ сталі больш як 7000 чалавек, ім дапамагалі ахоўваць прыроду штогод больш як 25 000 валанцёраў і прыхільнікаў, па ўсёй Беларусі працавалі больш як 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў АПБ.
З 2005-га АПБ – нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», з 1999 года – сябра кааліцыі «Чыстая Балтыка», а ў 2021-м была прынятая ў глабальную некамерцыйную арганізацыю «Wetlands International», што займаецца захаваннем водна-балотных угоддзяў.
АД belsat.eu