Уначы Расея выпусціла па Украіне 31 ракету і 32 дроны «Shahed»


Уначы на 19 ліпеня Расея выпусціла па Украіне 30 крылатых ракетаў, адну авіяцыйную ракету і 32 дроны-камікадзэ «Shahed». Пра гэта паведамляе прэс-служба камандавання Паветраных сілаў Украіны.

Наступствы расейскай атакі ў Адэсе. Крыніца: our_odessa / Telegram

Расейскія войскі атакавалі Украіну з паўднёвага кірунку, выкарыстоўваючы крылатыя ракеты паветранага, наземнага і марскога базавання, а таксама іранскія ўдарныя БПЛА тыпу «Shahed-136/131».

Былі атакаваны аб’екты крытычнай інфраструктуры і вайсковыя абʼекты. Асноўным напрамкам удару была Адэская вобласць.

Мэр Адэсы Генадзій Труханаў заявіў, што гэта была адна з найгоршых ночаў: «Рашысты атакавалі Адэсу рознымі тыпамі ракететаў і «Shahed’амі». Такога маштабу нападу мы не памятаем з пачатку паўнавартаснага ўварвання».

«Ад абломкаў збітых ракет і дронаў пашкоджаныя, у прыватнасці, шматпавярховікі, цывільныя аб’екты, машыны», – паведаміў старшыня Грамадскай рады пры Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Братчук.

У Адэскай вобласці пацярпелі мінімум шасцёра чалавек, сярод якіх 9-гадовы хлопчык.

Наступствы расейскай атакі ў Адэсе. Крыніца: maksnazar / Telegram

На працягу некалькіх хваляў нападаў расейскія войскі выкарысталі:

  • 16 крылатых ракетаў марскога базавання «Калібр», як мяркуецца, з малога ракетнага карабля «Інгушэція» і фрэгата «Адмірал Эсэн» з акваторыі Чорнага мора;
  • 8 крылатых ракетаў Х-22 з самалётаў далёкай авіяцыі Ту-22М3 з акваторыі Чорнага мора;
  • 6 крылатых ракетаў «Онікс» з берагавога ракетнага комплексу «Бастыён» (Крым);
  • 1 кіраваную авіяцыйную ракету Х-59 з знішчальніка Су-35 з акваторыі Чорнага мора;
  • 32 ударныя БПЛА тыпу «Shahed-136/131» з палігону Чаўда (Крым) і Прыморска-Ахтарск (Растоўская вобласць).

Усяго ўкраінская СПА знішчыла 37 паветраных цэляў: 13 крылатых ракетаў «Калібр»; 1 кіравану авіяцыйную ракету Х-59; 23 ударныя БПЛА «Shahed-136/131».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў