Палітзняволенага Уладзіміра Гундара, які праходзіць абвінавачаным па «справе Аўтуховіча», зноў змясцілі ў карцар. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку, паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на жонку палітвязня Алену Гундар.
Паведамляецца, што Уладзімір Гундар адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума вязнямі «нізкага сацыяльнага статусу» і за гэта адміністрацыя турмы пакарала яго 10 соднямі ў карцары. У адказ на гэта 62-гадовы мужчына абвесціў галадоўку на ўвесь тэрмін спагнання – ён будзе піць толькі воду. Акрамя гэтага палітвязень захварэў, магчыма, на каронавірус, таму яму патрэбныя лекі.
Уладзімір Гундар – актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (мужчына не мае нагі). Яго затрымалі 30 снежня 2020 года па «справе Аўтуховіча» – нібыта за падрыхтоўку тэракту. У лютым 2021 года КДБ унёс палітвязня ў спіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
У траўні 2021 года яго ўжо абвінавацілі паводле арт. 366 («Гвалт у дачыненні да службовай асобы») і прыгаварылі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. У межах «справы Аўтуховіча» Гундару інкрымінуюць ч. 1 арт. 285 КК («Стварэнне злачыннай арганізацыі») і ч. 2 арт. 357 КК («Замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). Сваю віну палітвязень не прызнае.
Вядома, што ўвесь час у зняволенні на Уладзіміра ціснулі: яго змяшчалі ў карцар, забралі ўсе лісты, а аднойчы падчас этапу прымусілі ісці без мыліц. Падчас працэсу па «справе Аўтуховіча» ён распавёў пра збіванне падчас затрымання. На адным з чэрвеньскіх пасяджэнняў Уладзіміра змясцілі ў клетку ў адных майтках, а рукі прышпілілі кайданкамі да кратаў у расцяжцы.
У канцы чэрвеня палітвязень ужо абвяшчаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагуе на ягоныя патрабаванні, а таксама як адказ на прымусовае распрананне перад працэсам. Пасля 11 дзён галадоўкі ён пачаў пакрысе прымаць ежу.
Алена Рувіна belsat.eu