Карэспандэнты «Белсату» працягваюць сачыць за «Індэксам аліўе» ў нашай краіне. І сёлета кошт самага папулярнага навагодняга салату прывёў нас да нечаканых высноваў.
Як і мінулымі разамі, за ўзор мы ўзялі салат, зроблены паводле стандартнага рэцэпту: 4 бульбіны, 2 морквы, 500 грамаў «Доктарскай» каўбасы, 5 курыных яек, 4 марынаваныя гуркі, бляшанка кансерваванага гароху і 200 грамаў маянэзу.
Мы параўноўвалі кошты станам на раніцу 20 снежня ў папулярнай сярод беларусаў онлайн-краме з дастаўкай з харчамі таго ж вытворцы, набытымі тамсама ў мінулым годзе. Калі ж не было абсалютных адпаведнікаў, то бралі прадукты, найбольш блізкія паводле характарыстык.
У выніку аліўе сярэдняй цэнавай катэгорыі мае кошт 16 рублёў 2 капейкі. Гэта на 1 рубель 45 капеек, або на 9,94 % больш, чым было летась. Як і год таму, такі паказнік практычна цалкам адпавядае афіцыйнаму ўзроўню інфляцыі ў краіне. Нагадаем, што, паводле Белстату, цэны ў Беларусі ў лістападзе 2021 года выраслі на 9 % у параўнанні са снежнем 2020-га і на 10,3 % у параўнанні з лістападам мінулага года.
Найбольш у нашым салаце падаражэлі свежыя бульба і морква – на 66,7 %. Маянэз стаў даражэйшым на 61,5 %, марынаваны гарошак – на 23,9 %, а марынаваныя агуркі – на 7,6 %. Пры гэтым яйкі патаннелі на 6,1 %, а вараная каўбаса – на 8,2 %.
Працягнулі мы з мінулага года і аналіз коштаў на самы танны салат. Для гэтага браліся найтаннейшыя прадукты, якія ёсць у краме. І вось тут кошт аліўе вырас больш істотна – ажно на 3 рублі 54 капейкі, або адразу на 36,8 % – больш як на траціну.
Калі летась паміж самым танным і сярэднім паводле кошту аліўе розніца складала 4 рублі 98 капеек, то цяпер – толькі 2 рублі 89 капеек. Атрымліваецца, што самы эканомны салат цяпер ужо не такі і эканомны.
Тут падаражэлі ўсе прадукты. Найбольш у кошце выраслі: морква – на 66,7 %, вараная каўбаса – на 60,7 % і бульба – на 46,5 %. Марынаваны гарошак стаў даражэйшым на 32 %, яйкі – на 23,9 %, марынаваныя агуркі – на 19,6 %, а маянэз – на 10,8 %.
Адзначым, што ў 2020 годзе салат аліўе, паводле нашых ацэнак, падаражэў толькі на 6,1 %, а самы танны яго аналаг – і таго менш, на 2,1 %.
За 2018 год рост «Індэксу аліўе» склаў 11,3 %, а за перадвыбарны і перадковідны 2019-ы салат падаражэў толькі на 0,44 %.
Увогуле, адзначыў эканаміст Леў Марголін, для росту коштаў на харчы ёсць дзве асноўныя прычыны: неўраджай некаторых відаў гародніны ў Беларусі, напрыклад, бульбы, а таксама сусветны рост коштаў на харчы, у тым ліку ў суседніх краінах.
«Гэта стымулюе нашых вытворцаў любым чынам прадаваць тавары на экспарт. Калі гэта можна неяк спыніць з краінамі Еўразвязу і Украінай, то з Расеяй гэта зрабіць вельмі цяжка, бо паміж краінамі няма мяжы», – падкрэсліў эканаміст.
Што датычыць росту коштаў на аліўе і перадусім на яго самы танны варыянт, то тут, на думку эксперта, таксама нічога дзіўнага няма.
«Дзяржава ўвесь час быццам клапоціцца пра самых бедных і самых незаможных. Але робіць гэта вельмі няўклюдна, абмяжоўваючы кошты на самы танны асартымент. А любы эканаміст ведае, што, калі штучна абмяжоўваць кошты, то гэтая прадукцыя пачынае знікаць з продажу. Ніхто не хоча прадаваць яе сабе на страты. Таму гэты асартымент вымываецца, а потым з’яўляецца пад іншымі назвамі. І зноў-такі даражэе яшчэ больш», – мяркуе Леў Марголін.
Таму, паводле яго, калі дзяржава вымушана вырашае адмовіцца ад нейкіх абмежаванняў ці паслабіць іх, або вытворцы знаходзяць шляхі абысці іх, кошты адыгрываюць усё, што страцілі: «І нават з лішкам».
«Таму выяўляецца, што інфляцыя для самых незаможных заўсёды вышэйшая за інфляцыю для багатых. Для іх, калі б можна было зрабіць «Індэкс аліўе» з самых дарагіх прадуктаў, магло б выявіцца, што падаражэнне было б нават менш як 10 %», – мяркуе Леў Марголін.
Дарэчы, у арыгінальны салат, зафіксаваны ў рэцэптах 1894 года, уваходзяць смажаны рабчык, бульба, свежыя гуркі, каперсы, аліўкі, соус «Правансаль» з дадаткам соевага соусу «Соя-кабуль». Але не ўсе з гэтых тавараў можна набыць у пазначанай онлайн-краме.
МГ belsat.eu