Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба і міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандр Ткачэнка асудзілі пераслед журналістаў у Беларусі.
Супольная іх заява была апублікаваная 21 лютага.
«Увесь дэмакратычны свет прызнае СМІ чацвёртай уладай і не ўмешваецца ў іх прафесійную дзейнасць. Напад на свабоду слова, жыццё і здароўе журналістаў у Рэспубліцы Беларусь адкрыта парушае гэтыя асноўныя прынцыпы», – гаворыцца ў заяве.
Паводле міністраў, Украіна далучаецца да міжнароднай супольнасці ў асуджэнні дзеянняў беларускіх уладаў супраць СМІ.
Пры гэтым высокія чыноўнікі выказалі «асаблівую занепакоенасць» з прычыны «разбуральнай дзейнасци Расеі», «якая з выкарыстаннем сваёй арміі прапагандыстаў цалкам узурпавала інфармацыйную прастору Беларусі, пазбавіўшы беларусаў права на свабодны доступ да розных крыніц інфармацыі».
18 лютага журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову асудзілі на два гады пазбаўлення волі за «арганізацыю закалотаў». Рэпарцёрак пакаралі за стрым у інтэрнэце падчас акцыі памяці. Суд над імі – палітычны.
На наступны дзень пачаўся суд над журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч.
Акрамя Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай яшчэ тры нашыя калегі праходзяць падазраванымі ў крымінальных справах. Летась нашых журналістаў затрымлівалі 162 разы, і затрыманні рэгулярна суправаджаліся канфіскацыяй тэхнікі. Былі арыштаваныя 26 журналістаў, з іх шэсць – двойчы і адзін – тры разы. Усяго гэта прывяло да 34 адміністратыўных арыштаў. Нашыя калегі правялі за кратамі 392 дні. Сем арыштаваных сталіся ахвярамі фізічнага гвалту з боку службаў бяспекі. У 2020 годзе журналісты «Белсату» заплацілі штрафы на суму больш за 68 322 рублі.
МГ belsat.eu