«Фармаваць уяўленне пра Беларусь як пра прывабную краіну». Новыя патрабаванні да гідаў


Міністэрства спорту і турызму Беларусі вызначыла новыя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, выкладзеныя ў пастанове № 33 ад 4 ліпеня 2023 года, паведамляе Нацыянальны прававы партал.

экскурсія ў цэнтры Магілёва.
Фота: Белсат

Праца экскурсавода цяпер «павінна ажыццяўляцца на падставе прынцыпаў законнасці, кампетэнтнасці, справядлівасці і добрасумленнасці».

Паводле новых патрабаванняў, падчас экскурсіі экскурсавод павінен мець адмысловы бэйдж, выдадзены Міністэрствам спорту і турызму, а таксама спіс тэмаў, паводле якіх была пройдзеная прафесійная атэстацыя. Акрамя таго, гід у Беларусі мусіць:

  • Праяўляць павагу да дзяржаўных сімвалаў Беларусі, гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурных і духоўных традыцыяў Беларусі і захоўвання яе гісторыка-культурнай спадчыны.
  • Фармаваць ва ўдзельнікаў экскурсіі ўяўленне пра Беларусь як пра краіну, прывабную для турыстаў, не дапускаць суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў пра Беларусь і іншыя дзяржавы.
  • Не дапускаць «некарэктных, правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў ці дзеянняў».
  • Мець веды і прафесійныя навыкі, неабходныя для правядзення экскурсіяў – па гісторыі, этнаграфіі, культуры, эканоміцы, прыродна-геаграфічных асаблівасцях, унутранай і вонкавай палітыцы Беларусі, пастаянна актуалізоўваць атрыманыя веды.
  • Беражліва ставіцца да наваколля, не дапускаць шкоды турыстычным рэсурсам.
  • Каардынаваць паводзіны турыстаў падчас надзвычайных сітуацыяў ці іншых непрадбачаных абставінаў, паведамляць кіраўніку суб’екту турыстычнай дзейнасці пра такія сітуацыі ці выклікаць экстранныя службы.
  • Выконваць аўтарскія і іншыя сумежныя правы распрацоўнікаў экскурсіяў, не дапускаць прысваення вынікаў інтэлектуальнай уласнасці, прыводзіць цытаты ў адпаведнасці з заканадаўствам і ўказваць аўтарства.

Пастанова набудзе моц у дзень афіцыйнага апублікавання.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў