«Камера № 18» загучала па-польску. У Варшаве прэзентавалі пераклад кнігі з праекту «Жнівень 2020»


«Наста Б. на сваім пратаколе піша: «З абвінавачаннямі не згодная». Адзін турэмнік крычыць іншаму: «Яна не згодная, бач! Канчай яе!..» Гэта цытата з кнігі «Камера № 18», якую ў 2023 годзе выдала на польскай мове беларуская самвыдавецкая ініцыятыва «byProsvet». 20 лістапада кнігу «Cela #18» прэзентавалі ў Варшаве.

Вокладка кнігі «Камера #18». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Cela #18» («Камера № 18») – гэта запісаныя сведчанні жанчын, якія ў жніўні 2022 года былі кінутыя ў камеру № 18 на Акрэсціна і амаль тыдзень правялі ў ёй без ежы, вады, лекаў, сродкаў гігіены і практычна без паветра. Адзінаццаць квадратных метраў, камера на чатырох – і 36 асобаў усярэдзіне. Катаванні страхам, голадам і пазбаўленнем сна.

Расповеды адзінаццаці з тых жанчын, якія былі ў камеры, і склаліся ў кнігу, якую стварыў у межах праекту «Жнівень 2020» расейскі пісьменнік Валерый Панюшкін.

«Страшна далёкая і вельмі балючая»

«Цудоўны праект «Камера № 18» дазваляе зразумець размах і маштаб таго, што адбываецца ў Беларусі, з досведу выдатных жанчын: іхныя гісторыі больш шырока раскрываюць панараму крызісу, які ахапіў краіну», – піша ў прадмове да тэксту яшчэ адзін вядомы пісьменнік і актор Стывэн Фрай.

Падчас прэзентацыі кнігі «Камера #18» у межах праекту «Жнівень 2020». 20 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Пазней польскія навукоўцы Катажына Тачыньска і Войцех Творэк пераклалі тэкст «Камеры» на польскую мову (беларускамоўнага перакладу не маем). Так паўстала «Cela #18».

Прэзентацыя выдання «Cela #18» адбылася ў прасторы «Witryna Domu Wschodniego» недзяржаўнай арганізацыі «Karta». Перад слухачамі выступілі адна з аўтарак праекту «Жнівень 2020» Юлія Шаблоўская, прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага кабінету Аліна Коўшык, беларускі журналіст і даследчык сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Станкевіч, валанцёрка ініцыятывы «byProsvet», а таксама перакладчыкі кнігі на польскую мову.

Паводле Катажыны Тачыньскай, для яе, як і для Войцеха Творка, гэты праект быў вельмі незвычайны, бо Беларусь да гэтага не фігуравала ў сферы іхных навуковых інтарэсаў. Катажына займаецца габрэйскай культурай на Балканах (выкладае ў Польскай акадэміі навук). Войцех – гебраіст, даследуе культуру хасідызму.

Але акурат габрэйская тэматыка – выпадкова – прывяла іх да Беларусі. У мінулым годзе на курсах, прысвечаных Галакосту, польскія навукоўцы пазнаёміліся з беларускай Таццянай, якая даследуе Галакост у Беларусі. Гэта яна прапанавала перакласці «Камеру № 18», ведаючы, што Катажына займалася да гэтага жанчынамі, зняволенымі падчас Другой сусветнай вайны ў канцлагерах краінаў былой Югаславіі.

«І я прачытала гэтую кнігу. Да гэтага я чытала шмат іншых кніжак на такія тэмы. І гісторыя падалася мне шмат у чым знаёмаю, але, з другога боку, – страшна далёкай і вельмі балючай.

І тады я падумала: калі ўжо я не шмат ведаю пра гэта, дык значыць, шмат людзей у Польшчы пра гэта зусім нічога не ведае. І вырашыла, што гэты сам па сабе цікавы і добры тэкст павінен зʼявіцца на польскай літаратурнай сцэне», – распавядае Катажына Тачыньска.

Пазней да працы над перакладам далучыўся Войцех Творак.

На здымку (злева направа) – Аліна Коўшык, Катажына Тачыньска, Войцех Творак на сустрэчы па кнізе «Камера #18». 20 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«У мінулым я займаўся перакладам з габрэйскай і ідыш дакументаў з часу Галакосту, з архіву Варшаўскага гета. І гэта, можа, у нейкім сэнсе падрыхтавала мяне да сустрэчы з такога кшталту літаратурай», – зазначае Войцех Творак.

«Мадэрнізаваны працяг гісторыі чалавечых пакутаў»

Перакладчыкі прызнаюцца, што для іх гэта быў няпросты досвед, бо яны мелі справу з вельмі асабістымі і балючымі тэкстамі.

«Мы займаемся гісторыяй. Я даследую падзеі Другой сусветнай вайны і пасляваенную гісторыю. Таму нас падчас перакладу найбольш уразіла тое, што тут – не гісторыя. Гэта было ўчора, гэта адбываецца сёння, і, на жаль, гэта будзе адбывацца заўтра…» – кажа Катажына Тачыньска.

Яна адзначае пэўныя моманты, якія ў сведчаннях беларускіх жанчын супадалі з аповедамі вязняў іншых часоў. Як прыклад – жывы калідор, які ўтваралі гестапаўцы ці паліцыянты і праз які, збіваючы, прапускалі прыбылых вязняў. Гэта не прыдумалі беларускія амапаўцы. Гэткі лагерны рытуал «вітання» вязняў існаваў і раней. Навукоўца кажа пра яго як пра «характэрную рысу» ў многіх месцах зняволення ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Суcтрэча па кнізе «Камера #18» у межах праекту «Август 2020». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Войцех Творак адзначае ў сваю чаргу, што аўтар кнігі і сам праводзіць паралелі, адсылаючы чытача да «Архіпелагу ГУЛАГу» Аляксандра Салжаніцына.

«Паказвае, як некаторыя формы катаванняў і гвалту, ламання людзей змяніліся з цягам часу, але толькі ў тым сэнсе, што былі прыстасаваныя выканаўцамі да XXI стагоддзя і зрабіліся мадэрнізаваным працягам гісторыі чалавечых пакутаў», – зазначыў Войцех Творак.

«Думаю, «Камера № 18» будзе паўтарацца…»

Пра працяг гэтай страшнай гісторыі казала і беларуска Юлія Шаблоўская. Яна нагадала польскай аўдыторыі, што падзеі «Celi #18» адбываліся тры гады таму, але і цяпер за кратамі беларускіх турмаў пакутуюць людзі, асуджаныя з палітычных прычынаў, у тым ліку жанчыны – журналісткі, фатографкі, праваабаронцы.

Адна з аўтарак і фатографка праекту «Август 2020» Юлія Шаблоўская на суcтрэчы па кнізе «Камера #18». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Думаю, што «Камера № 18» будзе паўтарацца, і мы, на жаль, можам даведацца пра яшчэ больш жахлівыя рэчы», – казала Юлія Шаблоўская.

Яна распавяла прысутным пра праект «Жнівень 2020», у межах якога было сабрана каля 300 гісторыяў беларускіх палітвязняў.

З вуснаў прадстаўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Аліны Коўшык гучалі прозвішчы беларускіх палітзняволеных Паліны Шарэнды-Панасюк («гэта нашая Жана ДʼАрк»), журналістак Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай (былая палітзняволеная), нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, героя плошчы Пераменаў Рамана Бандарэнкі ды іншых.

Гісторыі
Былы палітвязень – пра размовы на Валадарцы з нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім
2023.10.20 08:00

Аліна Коўшык распавяла палякам, што турэмная тэма ў сучаснай беларускай літаратуры зрабілася лейтматывам. Па вызваленні з зонаў і турмаў людзі пішуць успаміны. Напісаныя тэксты ўжо склалі вялікую турэмную бібліятэку. І такія тэксты, зазначыла Коўшык, пачалі пісацца не ў 2020 годзе, а нашмат раней.

«Хачу, каб вы зразумелі, што гэтая машына рэпрэсіяў, якая нішчыць людзей у нашай краіне, – гэта не штосьці такое, што нарадзілася ў 2020 годзе. Гэта працяг таго, што было і раней», – казала Аліна Коўшык.

Яна адзначыла, што 70 % тых, хто быў прызнаны палітвязнямі ў 2010–2011 гадах (пасля Плошчы-2010) і хто ўжо тады пісаў турэмныя ўспаміны, сядзяць у турмах і сёння.

«Стараемся зрабіць усё, каб нашая барацьба не спынілася»

Польскія слухачы пыталіся ў спікераў пра тое, як беларускім «сілавікам» – турэмнікам і катам – жывецца ў краіне сёння і ці трывае дагэтуль супраціў у грамадстве.

На суcтрэчы, прысвечанай кнізе «Камера #18». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Мы не маем зброі, не маем аўтаматаў і гэтак далей, але, нягледзячы на рэпрэсіі, параўнальныя са сталінскімі, гатовасць людзей да зменаў адчуваецца. Нам вельмі важна быць гатовымі да адпаведнага моманту. І таму мы будуем цяпер нашую палітычную сілу – будуем сучасную дзяржаву па-за дзяржавай… і стараемся зрабіць усё, каб нашая барацьба не спынілася», – адказала Аліна Коўшык.

«Ганну Л. адпусцілі не таму, што пашкадавалі музыкантку ў грубых акулярах. Насту Б. адпусцілі не таму, што пашкадавалі прыгожую маладзенькую дзяўчыну з вышэйшай адукацыяй, якая кульгала. Жанну Л. – не таму, што яна пажылая жанчына з дыябетам…

Не праз шкадаванне іх адпусцілі, не з чалавечнасці, не з літасці, не таму, што дзесьці ў сілавых мазгах існуе мяжа жорсткасці, якую не перакрочыш. Іх адпусцілі, бо не хапіла сродкаў даціснуць да смерці…» – гэта яшчэ адна цытата з кнігі Валерыя Панюшкіна «Камера № 18».

Кніга «Камера № 18» пабачыла свет у жніўні 2021 года. У лістападзе 2021 года яна была перакладзеная з расейскай на англійскую мову. У 2023 годзе зʼявіўся польскі пераклад («Cela #18»). Цяпер, дзякуючы «byProsvet», кніга выйшла па-польску на паперы. На жаль, на беларускую мову гэтую кнігу не перакладалі.

Старонкі кнігі «Камера #18». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Тэкст быў створаны ў межах праекту «Жнівень 2020» (галоўная рэдактарка праекту – расейская журналістка Аляксандра Лівергант). З адзінаццаці гераіняў праекту толькі адна жанчына называе сапраўднае імя і прозвішча. Гэта былая палітзняволеная Вольга Паўлава, якая цяпер у бяспецы.

Інтэрв’ю
«Турма для іх – ідэальнае месца». Былая палітзняволеная распавяла, як працуюць турэмныя дактары
2023.07.14 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў