Беларуская калійная кампанія прыгразіла Літве мільярдным пазовам у выпадку спынення транзіту калійных угнаенняў. Пра гэта заявіла прадстаўніца кампаніі Ірына Саўчанка, падкрэсліўшы, што Беларусь будзе вымушаная прыняць захады ў адказ. Гэтую заяву ў студыі «Белсату» пракаментаваў эканаміст Леў Марголін.
«Я думаю, што гэта проста мова прапаганды. Мільярды еўра… Адкуль яны ўзяліся гэтыя мільярды, калі ўвесь транзіт праз Літву і заробкі Літвы на гэтым транзіце ў дзясяткі разоў меншыя?» – сказаў Леў Марголін.
Эксперт кажа, што калі ўважліва пачынаеш разглядаць контрсанкцыі, уведзеныя Беларуссю супраць усіх краін ЕЗ, то, акрамя прапаганды, у іх нічога не пабачыш.
«Думаю, што і з пагрозамі Літве будзе так сама», – мяркуе Марголін.
Ён лічыць, што насамрэч Беларусь мала чым можа адказаць Літве, бо «Літва для Беларусі – гэта транзітная краіна, а Беларусь для Літвы – не».
«Адказу вялікага, больш за той, што самі літоўцы могуць страціць праз спыненне транзіту, я нават не магу сабе ўявіць», – прызнаўся Леў Марголін.
Цалкам размову з эканамістам Львом Марголіным глядзіце ў праграме «Студыя «Белсат».
ЗК belsat.eu