«Вясна»: Статкевіча, Знака і Лосіка працяглы час трымаюць у ШІЗА


Падобна на тое, што палітвязняў Мікалая Статкевіча, Максіма Знака і Ігара Лосіка працяглы час трымаюць у штрафных ізалятарах. Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».

Ад палітвязняў Лосіка, Статкевіча і Знака працяглы час няма лістоў. Калаж: «Віцебская Вясна» / vitebskspring.org

Наконт працяглага ўтрымання ў ШІЗА палітвязняў Мікалая Статкевіча, Максіма Знака і Ігара Лосіка ўскосна сведчаць тыя факты, што ад іх ужо доўгі час няма лістоў. Ліставанне са штрафнога ізалятару забароненае.

На момант публікацыі ёсць пацверджанне толькі наконт Максіма Знака. Пра тое, што палітвязень у ШІЗА, ягонай жонцы і адвакатцы Надзеі паведаміла адміністрацыя калоніі «Віцьба-3», дзе ўтрымліваюць Знака. Ад яго няма лістоў амаль паўтара месяца.

На зварот жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч з калоніі № 13 у Глыбокім і з Дэпартаменту выканання пакаранняў не адказалі нічога. Апошні допіс ад Мікалая прыйшоў 9 лютага і ўжо больш чым два месяцы лістоў ад яго няма.

Ад Ігара Лосіка няма лістоў з 20 лютага, ён адбывае пакаранне ў наваполацкай ПК № 1. Вядома, што да Ігара 10 сакавіка не пусцілі адваката, а 15 сакавіка, як стала вядома праваабаронцам, Лосік парэзаў сабе лязом руку і шыю – на знак нязгоды з тым, што яму прыгразілі змяшчэннем у ШЫЗА, бо ён нібыта адмовіўся «займацца прыбіраннем памяшкання». Пра сынаў стан спрабавалі даведацца бацькі, якія паехалі ў наваполацкую калонію. Там ім сказалі, што з Ігарам «усё ў парадку», аднак ён пазбаўлены доўгатэрміновага спаткання за парушэнне рэжыму. 3 красавіка да Ігара Лосіка зноў не пусцілі адваката.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў