Аляксандр Лукашэнка ў поўнай версіі інтэрв’ю каналу «Sky News Arabia», якую паказалі на «Беларусь 1» увечары 21 ліпеня, пракаментаваў магчымасць пасярэдніцтва ў перамовах паміж афіцыйным Менскам і Захадам.
Лукашэнка сказаў, што пасярэдніцтва не любіць, аддае перавагу размове без яго, каб не было скажэнняў.
«Але калі, паважаны Імада (супрацоўнік «Sky News Arabia» Імада аль-Атраш. – рэд. Belsat.eu.), твая краіна будзе пасярэднікам у гэтым дыялогу, я не адмоўлюся, бо гэта аб’ектыўныя людзі, сумленныя і прыстойныя. Таму калі еўрапейцы прымаюць вашу прапанову да дыялогу і пасярэдніцтва, то Эміраты маглі б стаць такім пасярэднікам. Я – за», – сказаў Лукашэнка.
20 ліпеня ў эфіры СТВ міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей распавёў, што «нават у гэтых умовах, калі супраць Беларусі фактычна развязана гандлёва-эканамічная вайна, ды і палітычная, аж да тэрарыстычных пагроз, мы лічым, што захоўваецца канал для дыялогу і ёсць магчымасць для дыялогу».
«І мы не збіраемся спальваць за сабой масты», – падкрэсліў кіраўнік МЗС.
Пра магчымасць дыялогу з Захадам заявіў 21 ліпеня і дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былая давераная асоба Лукашэнкі Алег Гайдукевіч.
Таксама апошнім часам зноў з’явіліся сведчанні таго, што беларускім палітвязням прапануюць падпісаць прашэнні аб памілаванні.
МГ belsat.eu