Дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі анансуе паказ святочных набажэнстваў з Магілёва і Ватыкану


Дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі анансуе адразу некалькі трансляцыяў з нагоды свята Божага Нараджэння. Тым часам застаецца не вырашаным лёс Чырвонага касцёлу ў Менску.

БелТА паведамляе, што да свята Божага Нараджэння ў эфіры тэлеканалаў дзяржаўнага медыяхолдынгу 24 і 25 снежня пройдуць трансляцыі ўрачыстых богаслужэнняў з Магілёва і Ватыкана.

У вігілію канал «Беларусь 1» запрашае вернікаў да экранаў: 24 снежня ў 21:45 пачнецца прамая трансляцыя службы з касцёлу Успення Прасвятой Багародзіцы ў Магілёве. Узначаліць святочную імшу дапаможны біскуп Магілёўскага раёну Аляксандр Яшэўскі. Адразу пасля ў 23:30 тэлеканал пакажа святочную імшу з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францішка.

Святочнай раніцай 25 снежня ў 7:25 на «Беларусь 1» са Словам на Божае Нараджэнне да вернікаў звернецца кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, арцыбіскуп-мітрапаліт Менска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.

У 15:30 у трансляцыі з Ватыкана пасланне і благаслаўленне Папы Францішка «Гораду і свету» пакажа тэлеканал «Беларусь 3».

Тымчасам застаецца не вырашаным лёс Чырвонага касцёлу ў Менску, доступу да якога вернікі пазбавіліся сёлета. Нагадаем, што 19 снежня ўпершыню пасля пажару, які адбыўся ў канцы верасня, у Чырвоны Касцёл пусцілі прадстаўнікоў улады і святароў. 19 снежня яго наведалі ўпаўнаважаны ў справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, прадстаўнікі Менскага гарвыканкаму, «Менскай спадчыны», МНС. З боку касцёлу былі нунцый Антэ Ёзыч, мітрапаліт Юзаф Станеўскі, ксёндз Юрый Санько і некаторыя іншыя святары. Прадстаўнікам жа Касцельнага камітэту не дазволілі ўзяць удзелу ў аглядзе.

Hавiны
У Чырвоны касцёл пусцілі святароў. Яны паказалі, як святыня выглядае пасля пажару
2022.12.20 12:03

Па выніках агляду выявілася, што касцёл у добрым стане і на думку святароў, патрэбны рамонт толькі самой закрыстыі, які можна выканаць за кароткі тэрмін. Парафія гатовая зрабіць яго за ўласныя сродкі, на ахвяраванні вернікаў. Аднак «Менская спадчына» патрабуе закрыць касцёл на рамонт, працягласць якога нават не вызначаная.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў