Міністэрства інфармацыі дадала ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рэсурсы, звязаныя з былым прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта і экс-кіраўніком Белгазпрамбанку Віктарам Бабарыкам, які з лета 2020 года знаходзіцца за кратамі.
Згодна з рашэннем суду Ленінскага раёну Горадні ад 21 лістапада, у спіс былі ўлучаныя тэлеграм-канал «Виктор Бабарико», а таксама старонкі і супольнасці, звязаныя з ім у «Аднакласніках», Instagram, «Вконтакте», Facebook, Twitter і TikTok. Таксама «экстрэмісцкімі» прызнаныя Youtube-канал, тэлеграм-бот і сайт babariko.vision.
Апроч таго, у пералік дададзеныя рэсурсы ў сацсетках партыі «Разам», стварыць якую заклікаў палітык.
Як распавёў прадстаўнік каманды Бабарыкі Іван Краўцоў, дакументы аб выкліку ў суд для ўдзелу ў працэсе аб прызнанні рэсурсаў палітыка «экстрэмісцкімі» атрыманыя не былі.
«Улічваючы новы «статус», просім вас выконваць усе дзейныя правілы бяспекі», – паведамляе тэлеграм-канал «Виктор Бабарико».
Паплечнікі палітыка абяцаюць працаваць у ранейшым рэжыме.
27 лістапада Вярхоўны суд пачне разглядаць апеляцыйную скаргу на вырак палітвязню Эдуарду Бабарыку, сыну палітыка.
Якуб Хруст belsat.eu