Freedom House: Беларусь хутка ператвараецца ў калонію Расеі


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала даклад «Нацыі ў пераходзе 2023: Вайна паглыбляе рэгіянальны раскол». У ім распавядаецца, як вайна ва Украіне ўплывала на ўвесь рэгіён, у тым ліку на Беларусь. Белсат распавядае пра яго галоўные высновы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы АМАП падчас акцыі пратэсту ў Менску.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Ужо 19-ы год запар дэмакратычнае кіраванне ў рэгіёне ад Цэнтральнай Еўропы да Цэнтральнай Азіі пакутуе ад агульнага заняпаду, адзначаецца ў дакладзе. У той час як Масква працягвала сваё ўварванне ва Украіну, улады аўтакратый знішчалі рэшткі незалежнасці ў СМІ, мясцовым самакіраванні і асабліва ў грамадзянскай супольнасці

Агулам паказчыкі дэмакратыі знізіліся ў 11 з 29 краін, уключаных у справаздачу, і толькі ў 7 краінах яны палепшыліся. Аднак грамадзянскія актывісты і дэмакратычныя лідары працягваюць змагацца за лепшае кіраванне краінамі. Варта адзначыць, што за мінулы год задакументавана самае вялікае аднагадовае падзенне рэйтынгу Расеі за ўсю гісторыю справаздачы: зніжэнне адбылося па пяці з сямі паказчыкаў, а агульны рэйтынг дэмакратыі ў краіне ўпаў з 1,32 да 1,11 па шкале ад 1 да 7.

Рэйтынг Беларусі таксама знізіўся з 1,18 да 1,11. Ніжэй у рэйтынгу толькі Азербайджан – 1,07, Таджыкістан – 1,04 і Туркменістан – 1,0 з 1,0 магчымых.

Рэйтынг заснаваны на шкале ад 1 да 7, дзе 7 адпавядае найвышэйшаму ўзроўню дэмакратычнага прагрэсу, а 1 – самаму нізкаму. Рэйтынг адлюстроўвае перыяд з 1 студзеня да 31 снежня 2022 года. Побач пазначаны працэнт дэмакратыі краінаў, дзе 100% – максімальны паказчык, а 0% – мінімальны. Крыніца: Freedom House

«Поўнамаштабнае ўварванне Масквы ва Украіну з’яўляецца самым сурʼёзным выклікам свету, свабодзе і дэмакратыі ў Еўропе з часоў заканчэння халоднай вайны. У той час як украінцы працягваюць змагацца за само існаванне сваёй краіны супраць аўтарытарнага рэжыму з імперскімі амбіцыямі і намерамі генацыду, наступствы вайны ў мінулым годзе адчуваліся ва ўсіх 29 краінах рэгіёну», – заяўляюць аўтары даследавання.

Кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы

На восем краінаў рэгіёну, абазначаных як «кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы» – гэта Беларусь, Расея, Казахстан, Азербайджан, Узбекістан, Туркменістан, Кыргызстан, Таджыкістан, – прыпадае больш за ўсё выпадкаў зніжэння паказчыкаў дэмакратыі. У справаздачы гаворыцца, што ўлады гэтых краінаў адмовіліся ад асноўнага абавязку любой дзяржавы па абароне фізічнай бяспекі насельніцтва, замест гэтага стварыўшы прамую пагрозу жыццю і бяспецы многіх грамадзянаў.

У Беларусі, Казахстане, Кыргызстане, Таджыкістане і Узбекістане адбылося значнае звужэнне грамадзянскай прасторы: у адных выпадках улады ўжывалі гвалт супраць пратэстоўцаў са смяротным зыходам, а ў іншых – катаванні затрыманых. Грамадзяне Туркменістану і Азербайджану працягвалі цярпець кумаўство кіруючай эліты, а драматычная хваля рэпрэсій, накіраваных супраць антываенных выступленняў у Расеі, прывяла да таго, што гэтая краіна перажыла самае вялікае гадавое зніжэнне рэйтынгу за амаль 30-гадовую гісторыю справаздачы.

«Павольнае, але няўхільнае дэмакратычнае паляпшэнне Украіны рэзка кантрастуе з хуткім падзеннем Расеі ў бездань кансалідаванага аўтарытарызму», – кажуць аўтары дакладу.

Рэйтынг заснаваны на шкале ад 1 да 7, дзе 7 адпавядае найвышэйшаму ўзроўню дэмакратычнага прагрэсу, а 1 – самаму нізкаму. Крыніца: Freedom House

З 2005 года рэйтынг дэмакратыі ў Расеі палепшыўся толькі адзін раз, у 2018 годзе, і толькі дзякуючы «ўражлівай стойкасці расейскай грамадзянскай супольнасці перад дзяржаўнымі рэпрэсіямі». Пазней актыўнасць дэмакратычных актывістаў была задушана.

Беларусь хутка ператвараецца ў калонію Расеі

Аўтара дакладу асобна звяртаюць увагу і на Беларусь:

«Вайна Масквы аказала асобны, але істотны ўплыў на Беларусь, якая хутка ператвараецца ў калонію пуцінскага імперскага праекту. Расейскія вайскоўцы выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для пачатку сваіх першых нападаў на паўночную Украіну, і з тых часоў Беларусь знаходзілася пад надзвычайным ціскам, каб саступіць большую частку свайго суверэнітэту і больш непасрэдна ўдзельнічаць ва ўварванні».

Між тым, Аляксандр Лукашэнка, які сваёй уладай абавязаны падтрымцы Расеі пасля свайго фальшывага пераабрання ў 2020 годзе, выкарыстаў многія метады ўнутраных рэпрэсій, што адбываюцца і ў Расеі. Ён таксама апрабаваў новыя тактыкі, такія як прысваенне «сродкаў салідарнасці», ахвяраваных грамадзянамі беларускаму дэмакратычнаму руху, і перанакіраваўшы іх у дзяржаўныя арганізацыі, дадаюць аўтары.

Як вайна ва Украіне паўплывала на краіны ЕЗ

Расейскі напад на Украіну паставіў пад пагрозу бяспеку Еўразвязу, дэстабілізаваў эканоміку і вымусіў людзей і ўрады лічыцца з наступствамі заняпаду дэмакратыі і іх схільнасці да аўтарытарных рэжымаў. У той час, як большасць краін ЕЗ гуртаваліся і падтрымлівалі Украіну, некаторыя праявілі пэўную ступень нерашучасці або зусім не падзялялі агульную пазіцыю ЕЗ. Напрыклад, схільнасць Венгрыі да аўтакратыі прывяла да штогадовага спаду, які саступае толькі Расеі, а таксама абноўленая неліберальная праграма Польшчы, якая «працягвае кідаць выклік дэмакратычным стандартам у Еўропе». Аднак Польшча застаецца адным з самых заўзятых прыхільнікаў Украіны ў вайне, прымаючы мільёны ўкраінскіх бежанцаў і даючы ўзбраенне.

Таксама вайна ва Украіне паўплывала і на выбары ў еўрапейскіх краінах. Так, выбарцы больш сімпатызуюць тым лідарам, якія гатовыя падтрымліваць Украіну і дапамагаць ёй з узбраеннем. Напрыклад, выбарцы ў Славеніі і Чэхіі на апошніх выбарах выказалі незадавальненне папулісцкім і неліберальным лідарам.

У справаздачы сказана, што поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну было задумана збольшага для таго, каб сарваць прагрэс дэмакратызацыі ва Украіне, Малдове і Арменіі, якія жадаюць уступіць у Еўразвяз, і аднавіць уплыў Крамля на гэтыя дзяржавы. Але замест гэтага яно вывела з тупіку ЕЗ у пытанні ўступлення, і Еўразвяз быў вымушаны прызнаць дэмакратычны імпульс гэтых краінаў. Нагадаем, Малдове і Украіне ў 2022 годзе быў дадзены поўны статус кандыдата ў члены ЕЗ. Арменія яшчэ не падала заяўку на ўступленне ў Еўразвяз.

У Глабальным рэйтынгу свабоды ад Freedom House Беларусь лічыцца «несвабоднай» краінай з рэйтынгам 8 са 100, у Расеі рэйтынг 16 са 100, у Украіны рэйтынг 50 са 100 – лічыцца «часткова свабоднай», Польшча – 81 са 100, Літва – 89 са 100, Латвія – 88 з 100 94 з 100. Гэтыя краіны ЕЗ лічацца «свабоднымі».

Фіялетавым колерам пазначаны «несвабодныя» краіны, жоўтым – «частковы свабодныя» і зялёным – «свабодныя». Крыніца: Freedom House

Алена Рувіна belsat.eu

 

Стужка навінаў