Экстрэмісцкая «дупа з вусамі», новыя затрыманні і шалёныя прысуды. Рэпрэсіі 24 лістапада


У Беларусі больш за тры гады працягваюцца штодзённыя палітычныя рэпрэсіі, затрыманні і суды. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 24 лістапада.

Выява да роліку «Жо.. и экстремисты | Жопа с усами #45». Скрыншот: Жопа с Усами / Youtube

Падпалкоўнік з ГУБАЗіКу апавёў, як цягам трох тыдняў ягоныя падначаленыя шукалі таго, хто ў Рэчыцы сарваў чырвона-зялёны сцяг. «Прагледжана сотні гігабайтаў відэа», «адпрацавана 50 асобаў», «карпатлівая праца» – міліцыянт раскрыў дэталі аператыўна-вышуковых захадаў, у выніку якіх затрымалі 41-гадовага мужчыну. У выніку «злачынцу» знайшлі, яго затрымлівалі «пры сілавым падтрыманні АМАПу», распачалі крымінальную справу.

Сілавікі таксама пахваліліся на ананімным Telegram-канале затрыманнем супрацоўніка Менскага электрамеханічнага заводу, які нібыта пісаў негатыўныя каментары пра міліцыю, удзельнічаў у мірных пратэстах і ў незалежным прафсаюзе. Што пагражае затрыманаму, невядома.

На гарадзенскім канале сілавікі паказалі затрыманага, які ў відэаразмове фармату «чат-рулеткі» зняважліва выказваўся пра Аляксандра Лукашэнку. Супраць яго пагражаюць распачаць крымінальныя справы па некалькіх неназваных артыкулах.

Магілёўскія сілавікі пахваліліся затрыманнем трэнера каратэ за «гнеўныя каментары». Паводле звестак «Медыязоны», затрыманага зваць Расціслаў Лосеў.

Віцебскія актывісты заўважылі пастанову суду, з якой стала вядома, што 16 лістапада жыхара Наваполацку асудзілі на 13 дзён арышту за антываенны пост, напісаны яшчэ 27 лютага 2022 года.

Аналітыка
Раней невядомыя доказы масавых катаванняў і збіванняў 9–13 жніўня 2020-га. У тым ліку пацверджанне згвалтавання
2023.11.24 16:31

Суд Круглянскага раёну Магілёўскай вобласці 23 лістапада вынес прысуд прадпрымальніку Аляксандру Каліну, расказвае праваабарончы цэнтр «Вясна». Суддзя Марына Вецярэц прызнала яго вінаватым у «Арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і ва «Ухіленні ад сплаты падаткаў», асудзілі на 6,5 года калоніі агульнага рэжыму і канфіскацыю маёмасці.

Магілёўскі абласны суд 20 лістапада вынес прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Бараноўскаму, заўважылі праваабаронцы «Mayday». За ахвяраванні палку Каліноўскага і яшчэ аднаму «экстрэмісцкаму фармаванню» суддзя Ірына Цяплова прысудзіла 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Менская пракуратура паведаміла аб прысудзе «58-гадоваму ўраджэнцу Баранавічаў». Суддзя Святлана Чарапанава пакарала мужчыну 5 гадамі калоніі агульнага рэжыму за больш як сотню ахвяраванняў «экстрэмістам» на суму 1885 долараў. Паводле звестак берасцейскай «Вясны», пад апісанне падыходзіць Юрый Юрэня – бацька палітвязня Віталя Юрэні, раней асуджанага на 3 гады калоніі агульнага рэжыму за ахвяраванні «экстрэмістам».

Суд Фрунзенскага раёну Менску 11 лістапада вынес прысуд футбольнаму трэнеру БДУ Руслану Пратасеню, даведалася «Вясна». Суддзя Ала Скуратовіч  пастанавіла, што ён удзельнічаў у маршы пратэсту ў лістападзе 2020 года, чым нанёс шкоду грамадскаму транспарту на суму 30 687 рублёў 17 капеек. За гэта яго пакаралі абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») на тры гады. Пры тым за ўдзел у гэтай акцыі пратэсту яго ўжо каралі арыштам на 14 дзён.

Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд Дзмітрыю Маставому: 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 9250 рублёў. Мужчыну назвалі вінаватым у саўдзеле ў дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах, прызналі вінаватым у «Здрадзе дзяржавы» і «Спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці».

Не выйшаў на волю пасля 15 дзён арышту гамяльчук Аляксандр Канеўскі. Як даведалася «Гомельская вясна», яго зноў асудзілі, цяпер за «экстрэмісцкія матэрыялы». Новы прысуд невядомы, мужчына ў ізалятары часовага ўтрымання.

Hавiны
На маладзёна, параненага міліцыянтам у Менскай вобласці, завялі крымінальную справу
2023.11.24 11:38

Рада польскіх медыяў звярнулася да новых спікераў польскіх Сейму і Сенату з заклікам прыкласці ўсе магчымыя намаганні дзеля вызвалення з беларускай няволі палітвязня-журналіста і актывіста польскай меншасці Беларусі Анджэя Пачобута.

Улады папоўнілі «спісы экстрэмістаў». Сатырычны Youtube-канал «Жопа с усами» назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем», статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў» далі сайту і сацсеткам штабу Віктара Бабарыкі і ягонай партыі «Разам», ініцыятыве Politzek.me і Facebook-суполцы «Письма солидарности Беларусь 2020».

Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пракаментавала справы адносна двух святароў: ксяндза Генадзя Акалатовіча сапраўды затрымалі (раней паведамлялася, што за «Здраду дзяржаве», гэта не пацвердзілі і не абверглі), а адносна ксяндза Ігара Лашука вядуць унутраную праверку паводле Кодэксу кананічнага права. Пра Лашука раней расказваў «Рабочы рух»: заяўляў, што ён лабіяваў наданне тытулу папскага рыцара набліжанаму да Лукашэнкі бізнесоўцу Аляксандру Зайцаву ў мэтах абыходу санкцыяў, а таксама што ён парушыў цэлібат і мае двух дзяцей.

Як высветліў «Белсат», пагрозы коміку Славу Камісаранку ад імя «ўкраінскіх нацыяналістаў» наўрад ці паходзілі ад украінцаў, а былі звязаныя, імаверна, з беларускімі сілавікамі. Камісаранка расказаў, што гэта не першыя такія пагрозы, расследаванні вядуць у некалькіх краінах.

Раней у «экстрэмісты» занеслі і класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Ягоная прапраўнучка расказала «Deutsche Welle», што не магла ў такое паверыць і думала, што гэта жарт.

Але ёсць і ўмоўна добрыя навіны: палітычную зняволеную Таццяну Пыцько нарэшце вызвалілі – хай і са спазненнем на два дні. Пакаранне ёй замянілі на пазбаўленне волі з адтэрміноўкай, што значыць, што зноў пасадзіць могуць у любы момант.

Палітвязнямі станам на 24 лістапада прызнаныя 1450 чалавек. Гэты спіс відавочна няпоўны: праваабаронцы не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам, некаторыя сваякі зняволеных баяцца статусу «палітвязень» для сваіх блізкіх, а частка праваабарончай супольнасці лічыць крытэры прызнання палітвязнямі састарэлымі. Дапамагчы палітвязням можна самымі рознымі спосабамі – «Вясна» склала падрабязную інструкцыю.

Агляд
Тры спосабы зрабіць цуд на Каляды дзецям беларускіх палітвязняў
2023.11.24 21:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў