У судзе Берасцейскай вобласці скончылі разглядаць справу Аляксандра Кардзюкова, сведкі забойства Генадзя Шутава. Як і патрабаваў дзяржаўны абвінаваўца, яго пакаралі 10 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама суд пастанавіў спагнаць з Кардзюкова 2642 рублі 80 капеек за правядзенне экспертыз.
Забітага Генадзя Шутава прызналі вінаватым у супраціве сілавікам без прызначэння пакарання.
Першапачаткова Аляксандра Кардзюкова вінавацілі ў супраціве працаўніку органаў унутраных справаў (ч. 2 арт. 363 КК РБ). Мужчыну пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі ў замах на забойства (ч. 2 арт. 139 КК РБ).
11 жніўня падчас пратэстаў у Берасці спецназавец з Мар’інай Горкі Раман Гаўрылаў застрэліў мінака Генадзя Шутава. Аляксандр Кардзюкоў быў сведкам гэтага эпізоду. Яго затрымалі праз некалькі дзён.
Кардзюкоў сказаў у судзе, што з сабой у яго быў адрэзак трубы для самаабароны – на ўсялякі выпадак. Яны з Шутавым сядзелі на парапеце і назіралі. Потым падышлі да вайскоўцаў, запыталі, што адбываецца, і Гаўрылаў штурхнуў Шутава. Кардзюкоў «даў здачы».
Але пацярпелымі прызналі не Кардзюкова і нябожчыка Шутава, а сілавікоў – капітана Рамана Гаўрылава і прапаршчыка Арсенія Галіцына.
Дзяржаўны абвінаваўца Генадзь Буры запатрабаваў для Кардзюкова 10 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Святлана Крамянёўская яго падтрымала. Пацярпелыя таксама пагадзіліся з такім пакараннем.
ЯП belsat.eu