На 15 содняў арыштавалі жанчыну, якая прыйшла на суд па справе Віктара Бабарыкі


Перад пачаткам суда над Віктарам Бабарыкам 24 чэрвеня затрымалі 58-гадовую Таццяну Пятруковіч. У сумцы жанчыны знайшлі БЧБ-налепкі, паведамляюць праваабаронцы.

Чарга каля Маскоўскага суда з ахвочых трапіць на судовае пасяджэнне Віктара Бабарыкі. 24 чэрвеня 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: vybory_smotri / Telegram

Супрацоўнікі затрымалі жанчыну і адвезлі ў Маскоўскае РУУС. Там на Тяццяну склалі пратакол за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП.

На наступны дзень справу жанчыны разглядзела суддзя Маскоўскага раёну Таццяна Мотыль. Па пратаколу яна «падчас прафілактычнай гутаркі гучна крычала, размахвала рукамі, нецэнзурна лаялася, ускоквала з крэсла, на зробленую заўвагу спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагавала». Як паведамляюць праваабаронцы, Таццяна скрозь слёзы гэта адмаўляе, бо нават «ніколі ў жыцці не лаялася».

«Я знаходзілася ў РУУСе, куды мяне прывезлі на прафілактычную гутарку, і гэта немагчыма, каб я мацюкалася або ўскоквала, бо адзінае, што я рабіла – плакала. Пратакол не складалі, а выдалі толькі папярэджанне, што гутарка ўжо адбылася, у якой я распісалася, і тады яна пачалася», – тлумачыла суддзі Таццяна.

Падчас гутаркі міліцыянты пыталі ў жанчыны, «ці ведае яна палітыку дзяржавы і што такое БЧБ-сцяг». Сведка Іваноў Іван Іванавіч на судзе заявіў, што «у Пятруковіч з’явіліся дэструктыўныя паводзіны, яна ўставала з крэсла».

Вось як пра паводзіны жанчыны распавёў сведка Іваноў: «Я яе не затрымліваў, а на гутарку яе прывялі іншыя супрацоўнікі. Я пачаў ёй тлумачыць, што яна ўжо прыцягвалася па арт. 23.34 КаАП, а яна пачала крычаць, што не згодная. Пятруковіч мяне перабівала, павышала тон, дэструктыўна паводзіла сябе і была недастаткова ветлівая. Відэарэгістратара пры сабе не было, бо ён ляжаў у машыне. Прафілактычная гутарка была сарваная, таму я не паспеў запоўніць пратакол. У мяне рыбіна памяць, таму я не запомніў ва што Пятруковіч была апранутая і не ведаю, які ў яе рост, бо лінейкі з сабою не было».

На судзе Таццяна заявіла, што пратакол не чытала, бо ёй не далі акуляры, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы.

У выніку суддзя Мотыль палічыла віну Таццяны цалкам даказанай і пакарала яе 15 соднямі арышту.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў