Рыгор Ніжнікаў: сумесная з Пуціным паездка на Валаам – гэта ўзнагарода для Лукашэнкі за агучванне тэзаў Крамля


Сумеснай паездкай на Валаам прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку за тое, што ён агучыў патрэбныя Крамлю тэзы пра жаданне вагнэраўцаў схадзіць «на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў», лічыць аналітык Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў. Пры гэтым эксперт кажа, што сапраўдных намераў атакаваць краіны NATO Расея не мае. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсату».

«Я думаю, што Лукашэнку ўзнагародзілі за яго ролю. Такі візіт – ён даволі істотны: два дні яны гуляюць так. А Лукашэнка ў сваю чаргу зрабіў такі рэверанс Уладзіміру Пуціну. Ён агучыў усё тое, што хацеў бы пачуць Уладзімір Пуцін: з нападамі на Украіну, на Польшчу, на NATO», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сумеснага візіту на Валаам. 24 ліпеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

На думку эксперта, гэта не значыць, што найміты групы Вагнэра сапраўды збіраюцца нападаць на Польшчу. Ён лічыць, што ў Крамлі яшчэ самі не вырашылі, што рабіць з учорашнімі мяцежнікамі, таму пакуль што проста спіхнулі праблему на Лукашэнку, адправіўшы іх у Беларусь. «Проста Лукашэнку выкарысталі», – кажа Рыгор Ніжнікаў. Насамрэч Лукашэнка не мае ніякага кантролю над вагнэраўцамі, іхны лёс вызначаецца ў Маскве, лічыць суразмоўца.

Аналітык не падзяляе думкі, раней выказанай іншымі экспертамі адносна таго, што задачай вагнэраўцаў у Беларусі можа быць знішчэнне самога Лукашэнкі.

«Я не думаю, што мы павінныя разглядаць нейкія цяпер неверагодныя рэчы пра атакі на краіны NATO ці пра зняцце Лукашэнкі. Гэта зараз, скажам так, больш фантазійна. Усё можа здарыцца, але зараз я не бачу нейкіх прадпасылак для гэтага».

Падчас так званага адпачынку вагнэраўцаў у Беларусі Крэмль можа выкарыстаць іх для інфармацыйных кампаніяў супраць Польшчы ці Украіны, а таксама для таго, каб паказаць расейскай тэлеаўдыторыі ў вячэрнім эфіры, «што мы можам зрабіць з Польшчай», лічыць Рыгор Ніжнікаў.

Нельга выключаць і таго фактару, што ў Польшчы ў хуткім часе адбудуцца выбары. Заявы, якія агучыў Лукашэнка на замову Пуціна, у гэтай сітуацыі могуць мець на мэце нейкую дэстабілізацыю ў Польшчы, адзначыў аналітык.

«У Крамлі добра ведаюць, што хутка ў Польшчы будуць выбары, якія будуць істотна ўплываць на працяг падтрымкі Варшавай Украіны. І, канечне, калі нейкая такая рыторыка пагрозы ці розныя акцыі па дэстабілізацыі падтрымаюць тых жа крайне правых, то для Крамля гэта будзе перамогай. І, вядома, яны будуць гэтую мэту мець на ўвазе, чым бліжэйшыя выбары будуць у часе».

«Мы павінны разумець, што Пуцін будзе тэставаць, якая будзе рэакцыя ў Польшчы на тое ці іншае, якія будуць меры прымацца ўрадам, якія будуць настроі ў грамадстве», – адзначае Рыгор Ніжнікаў. Лукашэнка ж у гэтай сітуацыі будзе толькі падтакваць Пуціну.

«Ён ведае: яго будучыня, яго сучасная сітуацыя залежыць толькі ад аднаго чалавека, ад Пуціна, і ён проста грае ролю, тую ролю, якую, напрыклад, грае той жа Кадыраў. Ён проста заўсёды падтаквае, паказвае сваю лаяльнасць, што ён першы сярод астатніх, хто падтрымае Уладзіміра Уладзіміравіча. У яго няма іншага выйсця, ён не можа гуляць зараз самастойную гульню», – падкрэслівае Рыгор Ніжнікаў.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў