Працы ў менскім касцёле святых Сімяона і Алены на плошчы Незалежнасці, які пацярпеў ад пажару восенню мінулага года, плануюць пачаць толькі ў наступным годзе. Пра гэта падчас прыёму грамадзян заявіў намеснік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран, перадае выданне «Минск-Новости».
На прыём да намесніка старшыні Менгарвыканкаму прыйшоў прадстаўнік каталіцкай канфесіі. Ён запытаў, калі будзе адкрыты для вернікаў касцёл святых Сімяона і Алены. На гэта Арцём Цуран адказаў, што працы ў будынку павінны пачацца толькі ў наступным годзе.
«Рэканструкцыя храма вядзецца па плане, працы не спыняліся ні на адзін дзень, гэта можа пацвердзіць прысутны тут дырэктар КУП «Менская спадчына». Падрыхтавана праектная дакументацыя, і ў першым квартале 2024 года павінны пачацца работы ў будынку. Пасля іх завяршэння будзе прынятае рашэнне аб аднаўленні дзейнасці касцёлу», – заявіў чыноўнік.
Нагадаем: паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных здарэнняў, уночы 26 верасня 2022 года, у 03:35, у касцёле святых Сымона і Алены ў Менску спрацавала пажарная сігналізацыя. Нібыта загарэлася электраправодка і была пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв.м. Тады практычна разам з МПЗ прыбылі АМАП і Следчы камітэт, якія забралі са збудавання камп’ютары і сістэму відэаназірання.
Неўзабаве адмысловая камісія вырашыла «часова забараніць эксплуатацыю будынку», каб аднавіць працу сістэмаў пажаратушэння, электрычнага абсталявання і праводкі, абследаваць канструкцыі. Аднак вернікі падкрэслівалі, што ў выніку ўзгарання амаль нічога не пацярпела. Пасля гэтага КУП «Менская спадчына» скасавала дамову арэнды, а ад каталіцкай абшчыны запатрабавалі вызваліць будынак для правядзення рамонту. Таксама пасля пажару ў прадстаўнікоў касцёлу ўзніклі цяжкасці з уваходам у будынак, яны не маглі забраць нават свае асабістыя рэчы.
Вернікі ў спадзеве вярнуць касцёл працягваюць пісаць звароты да чыноўнікаў. Чарговы з іх напярэдадні гадавіны закрыцця святыні яны накіравалі ў Адміністрацыю Лукашэнкі, аднак сустрэцца ж з каталікамі чыноўнікі не пажадалі.
Алена Рувіна belsat.eu