«Белсат» падводзіць вынікі трэцяга дня поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі суботы, 26 лютага, чытайце ў нашым аглядзе.
Падбіты расейскі МТ-ЛБ (шматмэтавы транспарцёр-цягач, лёгкі браняваны) пад Харкавам, Украіна.
Фота: 26 лютага 2022 года.
Ва Украіне
- Прысталічны горад Васількоў адбіўся ад атакаў расейскіх войскаў. Мэр гораду Наталля Баласіновіч паведаміла, што бой доўжыўся ўсю ноч. Васількоў мае стратэгічнае значэнне для абароны Кіева, бо ў горадзе аэрадром. Па самой украінскай сталіцы хадзілі людзі, якія пад выглядам п’яных спрабавалі даведацца, дзе метро, вакзалы, масты і пэўныя вуліцы. Расейскія войскі спрабавалі прарвацца ва ўкраінскую сталіцу і з паўночных кірункаў — Гастомелю і Жытоміру, але былі спыненыя.
- Тым часам калона каля 100 адзінак бронетэхнікі была заўважаная ў Вішгарадскім раёне Кіеўскай вобласці, на баках тэхнікі былі нанесеныя белыя літары V, а жаўнеры мелі на рукавах белыя стужкі.
- На поўдні Украіны ў Адэсе робаты і беспілотнікі спрабавалі выведваць узбярэжжа, але ўкраінскія жаўнеры адпрацавалі іх.
- Мэр Чарнігава Уладзіслаў Атрошэнка заклікаў жыхароў гораду рыхтавацца да вулічных баёў. У абласным цэнтры абвяшчалася трывога, паведамлялася пра перабоі з электраэнергіяй.
- Расейскія войскі, не здолеўшы захапіць буйных гарадоў Украіны і сталіцы, пачалі абстрэльваць іх рэактыўнай артылерыяй. Мэр Кіева Віталь Клічко заклікаў жыхароў гораду заставацца ў бамбасховішчах, а таксама паведаміў, што ў выніку абстрэлаў ужо параненыя 36 мірных грамадзянаў, у тым ліку двое дзяцей. Але наймацнейшы ўдар прыняў на сябе Харкаў, які абстрэльвалі з сістэмаў залпавага агню «Смерч».
- Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў заявіў, што ягоныя войскі перакінутыя ва Украіну.
- Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да свайго народу, у якім паведаміў пра поспехі ў абароне краіны, а таксама пра падтрыманне ЕЗ у пытанні адключэння Расеі ад SWIFT. Таксама прэзідэнт Украіны заклікаў украінцаў-замежнікаў вярнуцца на радзіму і дапамагчы абараніць яе ад ворага, а тых, хто не можа вярнуцца, папрасіў абараняць Украіну за мяжой.
- Мінабароны Украіны папрасіла жыхароў сёлаў і маленькіх гарадоў краіны па магчымасці знішчаць расейскія калоны з палівам, каб варожыя войскі не змаглі перамяшчацца.
- У Ровенскай вобласці абвесцілі паляванне на расейскіх вайскоўцаў. За ліквідаванага абяцаюць 50 долараў, а за палоннага – 100. З такою заяваю выступіў дэпутат Дмытро Саламанчук.
- Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк паведаміў, што за час вайны больш за 3,5 тысячы расейскіх салдатаў загінулі і амаль 200 трапілі ў палон. У гэты ж час толькі за апошнія содні расейскія акупанты згубілі тры самалёты Су-30 СМ, адзінаццаць верталётаў, два Су-25, два Іл-76МД, калоны тэхнікі ды эшалон з палівам.
За мяжою
- Белы дом запытаў у Кангрэсу ЗША 6,4 млрд долараў для дапамогі Украіне. Адзначаецца, што з гэтай сумы 2,9 млрд адміністрацыя Злучаных Штатаў накіруе на аказанне гуманітарнай дапамогі і садзейнічанне ў сферы бяспекі.
- Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба паведаміў, што распачалася падрыхтоўка да адключэння Расеі ад SWIFT. Перад гэтым стала вядома, што Нямеччына і Вугоршчына падтрымалі адключэнне Расеі ад сістэмы SWIFT. Гэта былі апошнія краіны, рашэння якіх чакалі. Таксама паведамляецца, што разам з Расеяй ад сістэмы SWIFT могуць адключыць і Беларусь.
- Рада Еўропы і ПАРЕ прыпынілі чалецтва Расеі. Былы прэзідэнт краіны і намеснік старшыні Савету бяспекі Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў назваў гэта «добрай магчымасцю аднавіць смяротнае пакаранне».
- Славенія, Эстонія і Літва закрылі свае паветраныя прасторы для расейскіх летакоў. Раней такое ж рашэнне прынялі Чэхія, Польшча і Балгарыя.
- «Раскамнагляд» забараніў расейскім журналістам называць вайну ва Украіне вайной, і настойвае на тым, каб СМІ пры падрыхтоўцы сваіх матэрыялаў карысталіся толькі той інфармацыяй, якую яны атрымаюць з афіцыйных расейскіх крыніцаў.
- Ганаровы консул Беларусі ў Львове падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць удзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі. Ігар Драцяк склаў свае паўнамоцтвы з учорашняга дня. Ён адпрацаваў на гэтай пасадзе больш за 10 гадоў.
Святлана Ціханоўская звярнулася да ўсіх беларусаў:
«Як можна патрабаваць адважных учынкаў ад людзей, якія жывуць у страху паўтара года? Вайна, у якую нас уцягнулі, пачалася два дні таму. Але да гэтага часу беларусы не заявілі, што яны супраць, не паказалі гэта ўкраінцам дзеяннямі. Дык ці маю я права прасіць вас аб дзеяннях? Можа быць, не. Але я не дарую сабе, калі не паспрабую».
Таксама Святлана Ціханоўская заклікала прыходзіць да выбарчых участкаў у Беларусі 27 лютага а 14:00, каб выказаць пратэст супраць вайны.
ВК, Belsat