Традыцыйнае шэсце «Чарнобыльскі Шлях» праходзіць па ўсім свеце


26 красавіка, у 37-ю гадавіну чарнобыльскай трагедыі, беларусы ў многіх гарадах свету ладзяць акцыі, прымеркаваныя да гэтай сумнай даты ў гісторыі нашай краіны. Традыцыйнае шэсце «Чарнобыльскі Шлях» пад лозунгам «Не ядравай зброі у Беларусі» адбудзецца ў Польшчы, Літве, Нямеччыне, Швецыі, Злучаных Штатах, Канадзе. «Белсат» будзе анлайн сачыць за тым, як праходзіць акцыя ў польскай сталіцы і распавядаць, што адбываецца ў іншых краінах. 

Першы «Чарнобыльскі шлях» прайшоў у 1989 годзе. Прычым у той той год адбылася нават не адна, а цэлых дзве акцыі: першая – 26 красавіка, яна мела назву «Гадзіна смутку і маўчання» і праходзіла на плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці) у Менску, а другая – у верасні. Менавіта гэтая акцыя атрымала назву «Чарнобыльскага шляху».

Выступ Зянона Пазняка на адным з мітынгаў падчас «Чарнобыльскага Шляху». Крыніца фота: vytoki.net

З тае пары амаль штогод людзі выходзяць на гэтае традыцыйнае шэсце, каб успомніць усе тыя ахвяры «мірнага атаму», якія панесла наша Беларусь праз нядбайства камуністычнага чынавенства.

Менавіта беларусы, як ніхто, адчулі на сабе ўсе выпрабаванні, звязаныя з распаўсюджаннем радыяцыі, і сёння выступаюць супраць таго, каб гульні палітычных тыранаў прывялі да новай ядравай трагедыі.

Беларусы Варшавы таксама далучацца ўсеагульнага маршу. Пачнецца ўсё з мітынгу а 18-й гадзіне па варшаўскім часе каля помніка Каперніку на Кракаўскім прадмесці. Пасля чаго ўсе ўдзельнікі пройдуць маршам да рынку Новага Мяста, да помніку Марыі Складоўскай-Кюры.

Далучайцеся да маршу, а таксама глядзіце трансляцыю «Белсата» з месца падзей.

Трансляцыя мітынгу і шэсця

  • Мітынг пачаўся а 18-й гадзіне каля помніка Каперніку.
  • Ужо традыцыйна на пачатку быў выкананы беларускі нацыянальны гімн «Пагоня». Пасля гэтага ўдзельнікі таксама заспявалі гімн Украіны і ў знак павагі да гаспадароў горада гімн Польшчы.
  • Сёння суарганізатарамі акцыі таксама сталі ўкраінцы з камітэту «Еўрамайдан Варшава», прадстаўніца якога выступіла з вітальным словам і сказала пра тое, што сёння ніхто не мае права маўчаць, бо 37 гадоў таму чарнобыльская трагедыя здарылася з-за таго, што ў нашых бацькоў не было магчымасці гаварыць. Сёння нам таксама нельга маўчаць, бо ад нас залежыць тое, каб Расея не здолела размясціць на тэрыторыі Беларусі ядравую зброю.
  • У сваім выступленні віцэ-маршалак польскага Сенату 10-й кадэнцыі Міхал-Томаш Каміньскі адзначыў, што сёння ў Менску і Маскве пры ўладзе сядзяць спадкаемцы бальшавікоў, якія ганарацца гэтым і пагражаюць ядравай зброяй усёй Еўропе. Ядравая зброя – гэта пагроза вайны. Бо яе прымяненне абавязкова пацягне ўдар у адказ. Таму сёння трэба сказаць не – каб беларускі народ не стаў закладнікам двух дыктатараў. І трэба сказаць «так» вольнай Беларусі, Украіне і сяброўству вольных еўрапейскіх народаў.
  • З прамовай выступіла прадстаўніца супольнасці «Беларусы Варшавы» Кацярына Кучук. Яна адзначыла, што яшчэ не адно пакаленне беларусаў будзе жыць з наступствамі памылкі, зробленай супрацоўнікамі Чарнобыльскай станцыі і бесчалавечнай палітыкі савецкага рэжыму, які замоўчваў гэтае здарэнне. І сёння на нашай зямлі зноў востра стаіць пытанне ядравай бяспекі і з’яўлення ядравай зброі. Пры гэтым, кажа яна, саміх беларусаў ніхто не запытаў, ці хочуць яны гэтага. Бо ведаюць, што сумленныя беларусы супраць размяшчэння такой зброі на тэрыторыі нашай краіны.
  • Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык у сваім выступленні падкрэсліла, што сёння няма нічога больш важнага, чым гэтая падзея [«Чарнобыльскі Шлях»], бо яна дае магчымасць паказаць сваю салідарнасць з беларусамі, якія ў сваёй краіне не могуць свабодна сказаць «не» ядравай зброі ў краіне. «Але мы ведаем лічбы: 76% беларусаў выступаюць супраць размяшчэння ядравай зброі», – паведаміла Аліна Коўшык. Таму тэма ядравай бяспекі становіцца вельмі важнай для мабілізацыі беларусаў.
  • Слова ўзяў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. У сваім выступе ён звярнуў увагу на тое, што 37 гадоў таму Беларусь напаткала велізарная тэхнагенная катастрофа, у выніку якой пайшлі з жыцця тысячы людзей. «Так жа, як мой родны дзядзька Вячаслаў, які быў ліквідатарам на Чарнобыльскай АЭС і памёр праз некалькі гадоў пасля гэтага», – адзначыў палітык. Ён адзначыў таксама, што ўвядзенне ядравай зброі ў Беларусь – гэта «пагроза стаць мішэнню, пагроза існаванню нашай дзяржавы і чарговыя рускія салдаты, якія будуць таптаць нашу беларускую зямлю».
  • Пасля сінхронна ў гарадах, дзе праходзілі акцыі «Чарнобыльскага Шляху» адбылася хвіліна маўчання ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай катастрофы.
  • Таксама з прамовамі выступіў прадстаўнік Каардынацыйнай рады і «Руху салідарнасці» Віталь Рымашэўскі, а таксама Вячаслаў Сіўчык, які не аднаразовы быў у аргкамітэтах «Чарнобыльскіх Шляхаў» розных гадоў, і ксёндз Вячаслаў Барок.
  • У 18:50 некалькі соцень удзельнікаў акцыі прайшлі маршам з воклічамі «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!» па цэнтральных вуліцах Варшавы да помніка Марыі Складоўскай-Кюры.

РШ belsat. eu

Стужка навінаў